2015-12-19 13:04:00

Святы Пасад і ізраільскія рабіны: разам на карысць бежанцаў


У Іерусаліме завяршылася пасяджэнне двухбаковай камісіі дэлегацый Вялікага рабіната Ізраіля і Папскай камісіі па рэлігійных адносінах з юдазмам, прысвечанае праблемам мігрантаў і бежанцаў. Дэлегацыю Святога Пасаду на сустрэчы ўзначальваў кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”.

Карыстаючыся нагодай, юдэйскі бок, які прадстаўлялі пяць ізраільскіх рабінаў, высока ацаніў апублікаваны 10 снежня 2015 г. ватыканскі дакумент, прымеркаваны да 50-годдзя дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій “Nostra aetate”.

У ходзе двухдзённых дыскусій абмяркоўваліся праблемы трываючага гуманітарнага крызісу і тысяч бежанцаў, што ўцякаюць ад вайны ў пошуку прытулку. Юдэі і хрысціяне пакліканы рабіць усё магчымае для таго, каб вобраз Божы, паводле якога было створана ўсё чалавецтва, паважаўся і прызнаваўся таксама ў мігрантах і бежанцах, адзначылі ўдзельнікі сустрэчы.

У заключнай дэкларацыя іерусалімскага форума падкрэсліваецца важнасць прызнання мігрантаў, у якасці “благаслаўлёнага рэсурсу”, які можа спрыяць станоўчаму развіццю грамадстваў. У дакуменце ўтрымліваецца заклік да законадаўцаў, каб зрабілі больш эфектыўнымі міграцыйныя працэдуры і каб улічваліся пажаданні бежанцаў адносна краін у якія жадаюць перамясціцца.








All the contents on this site are copyrighted ©.