2015-12-19 14:36:00

Пантыфік сустрэўся з італьянскімі чыгуначнікамі


19 снежня 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі супрацоўнікаў Італьянскай дзяржаўнай чыгункі. Сустрэчу ён назваў нагодай для таго, каб падзякавасць шматлікім людзям, якія цяжка працавалі на будаўніцтве чыгуначнай сеткі Італіі. Гэта патрабавала вялікіх высілкаў, як на этапе праектавання, так і рэалізацыі. Нямала рабочых згубілі жыццё на гэтай працы. “Мы памятаем пра іх усіх і будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, каб падобнага больш не здаралася”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што гісторыя Італьянскай чыгункі пазначана ініцыятывамі салідарнасці на карысць бедных. Ён звярнуў увагу на існаванне, у дзесятках італьянскіх гарадоў, так званых “Help Center” (Цэнтраў дапамогі). Яны ўзніклі ў выніку супрацоўніцтва паміж Італьянскай чыгункай, мясцовымі прадпрыемствамі і няўрадавымі арганізацыямі. “Гэта “вокны-антэны”, якія дазваляюць людзям у цяжкасцях, атрымаць увагу, падтрымку і дапамогу. Усе мы маем патрэбу ў такіх антэнах, які дазволяць нам лавіць сігналы таго, што адбываецца вакол нас, каб быць у стане адчуць пакуты бліжніх і не заставацца нячулымі”, - пажадаў Пантыфік. Паводле слоў Святога Айца, падобная ініцыятыва з’яўляецца сродкам, з дапамогай якога Італьянская дзяржаўная чыгунка жадае трымаць краіну паяднанай не толькі ў геаграфічным сэнсе, але таксама і сацыяльным.

Пантыфік звярнуў увагу на яшчэ адну дабрачынную ініцыятыву Італьянскай чыгункі, якая рэалізуецца ў супрацоўніцтве з рымскім “Сaritas”: інтэрнат для бедных імя кс. Луіджы Дзі Льегра ля рымскага чыгуначнага вакзала “Тэрміні”, які ён наведаў 18 снежня 2015 г. Францішак адзначыў важнае значэнне інтэрнату, які знаходзіцца ў месцы вялікай канцэнтрацыі людзей, што шукаюць прытулку і штодзённа прымае каля сотні гасцей.

Папа падкрэсліў, што Святы Год, які пачаўся ў Касцёле, павінен навучыць таму, што міласэрнасць – гэта першы і самы сапраўдны лек для чалавека: лек у якім кожны мае тэрміновую патрэбу. Гэты лек паходзіць ад Бога, але таксама і людзі павінны быць здольнымі дзяліцца ім з іншымі, падкрэсліў Пантыфік. 

На заканчэнне сустрэчы Францішак пажадаў, каб праход праз Святыя Дзверы спрыяў духоўнай перамене людзей і каб Юбілей Міласэрнасці абнавіў усё грамадства, робячы яго больш справядлівым і салідарным.








All the contents on this site are copyrighted ©.