2015-12-17 12:55:00

Удзельнікі СДМ-2016 наведаюць мемарыял “Аўшвіц-Біркенаў”


Больш за 130 тыс. удзельнікаў Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у ліпені 2016 г. у Кракаве, ужо пажадалі наведаць мемарыял “Аўшвіц-Біркенаў”, размешчаны на тэрыторыі былога нацысцкага канцлагера. 20-28 ліпеня і 1-3 жніўня гэта месца змогуць наведаць толькі ўдзельнікі моладзевага форуму, якія папярэдне зарэгіструюцца на адмыслова створаным для гэтага інтэрнэт-профілі. Для іх паўстане асаблівы экскурсійны маршрут.

Па прычыне чаканай вялікай колькасці наведвальнікаў і патрабаванняў па захаванні помнікаў гістарычнай спадчыны, маладыя католікі не змогуць увайсці ўнутр гістарычных будынкаў. Тым не менш, маршрут спланаваны такім чынам, што ўдзельнікі Сусветных дзён пазнаёмяцца з найбольш важнымі месцамі былога канцлагеру. З нагоды сусветнай моладзевай сустрэчы будзе падрыхтавана таксам адмысловая выстава, якая адлюструе найбольш важныя пытанні гісторыі гэтага месца.

Дырэктар мемарыяльнага комплексу Пётр Цывінскі спадзяецца, што гэты візіт для маладых людзей “стане не толькі важным урокам гісторыі, але і ўнікальным асабістым досведам”.

Як раней заяўляў Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, папа Францішак таксама хоча наведаць мемарыял “Аўшвіц-Біркенаў” у рамках свайго знаходжання на Сусветных днях моладзі.

Аўшвіц-Біркенаў, які размяшчаўся на поўдні Польшчы, каля горада Асвенцым, быў самым буйным комплексам нацысцкіх канцэнтрацыйных лагераў у 1940 -1945 гадах. Каля 1 300 000 чалавек, 40% з якіх былі палякамі, падвяргаліся катаванням у гэтым месцы, каля 1 100 000 былі забітыя. На тэрыторыі лагера ў 1947 г. быў створаны музей, уключаны зараз у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. 








All the contents on this site are copyrighted ©.