2015-12-16 15:05:00

Святы Пасад станоўча пра даклад “Moneyval”


Даклад Камітэта экспертаў Савета Еўропы па ацэнцы мераў барацьбы з адмываннем грошаў (Moneyval) адносна Апостальскай Сталіцы і Дзяржавы Ватыкан пацвярджае, што на працягу апошніх двух гадоў імі быў дасягнуты значны прагрэс. Справаздача была апублікавана 8 снежня 2015 г. Яна з’яўляецца другой з 2012 г. – з таго часу калі Святы Пасад і Дзяржава Ватыкан атрымалі рэкамендацыі па набліжэнні сваіх фінансавых і эканамічных сістэм да міжнародных стандартаў празрыстасці.

У спецыяльным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы, якое ўбачыла свет 15 снежня 2015 г., падкрэсліваецца, што даклад дэманструе эфектыўнасць прынятых Святым Пасадам і Ватыканам мер ў галіне барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. Гэта пацвярджае той той факт, што ў выніку іх рэалізацыі ватыканскімі трыбуналамі былі замарожаны значныя фінасавыя сродкі.

Раследванне гэтых спраў з’яўляецца складаным з тэхнічнага пункту гледжання і патрабуе больш дасканалага аналізу. Яны маюць міжнародны і транснацыянальны аспект і уключаюць у сябе злачынствы, здзейненыя па-за ватыканскай тэрыторыяй або людзьмі, якія знаходзяцца па-за Ватыканам.

Апостальскай Сталіцай была створана міжнародная сетка, якая дазваляе актыўна супрацоўнічаць з іншымі краінамі, як на ўзроўні Бюро фінансавай інфармацыі, так і на ўзроўні трыбуналаў. Гэта цудоўна адлюстроўвае інфармацыя і статыстыка, якая ўтрымліваецца ў дакладзе “Moneyval” . Адпаведнымі ватыканскімі структурамі рабіліся запыты і была атрымана належная юрыдычная дапамога ад іншых краін, якая затым знайшла шырокае выкарыстанне.

У паведамленні адзначаецца, што Святы Пасад прыняў прапанову камітэту “Moneyval” адносна пашырэння кампетэнцый трыбуналаў і жандармерыі ў раследванні і пакаранні злачынстваў, звязаных з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму ў структурах Апостальскай Сталіцы і Ватыкану.








All the contents on this site are copyrighted ©.