2015-12-16 14:47:00

Святому Айцу перадалі Бэтлеемскі агонь міру


Францішку перадалі Бэтлеемскае святло міру. Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 16 снежня 2015 г. школьнік з аўстрыйскага Мюльфіртэль Ніклас Думхарт уручыў Пантыфіку спецыяльную лампаду з агнём, запаленым у Бэтлееме, месцы нараджэння Хрыста. 

На ватыканскай плошчы прысутнічала таксама дэлегацыя з Верхняй Аўстрыі, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Касцёла і ўладаў. Святы Айцец падзякаваў арганізатарам штогадовай дабрачыннай акцыі і заклікаў “падрыхтавацца да Божага Нараджэння, шырока адчыняючы дзверы сэрца, каб не выключыць нікога”.

У Беларусь Бэтлеемскі агонь прыбудзе 19 снежня. Яго даставяць з беларуска-польскай мяжы скаўты, і першым горадам у Беларусі, які прыме яго, стане Гродна. Дэвіз сёлетняга падарожжа Святла міру – “Заўваж чалавека”.

Бэтлеемскае святло ўпершыню было запалена ў 1986 г. па ініцыятыве тэлерадыёкампаніі Верхняй Аўстрыі. Сёння ў яго распаўсюджванні ў краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі актыўны ўдзел прымаюць скаўты. 

Наступным перадсвяточным мерапрыемствам на плошчы св. Пятра стане інаўгурацыя ёлкі і ясляў Божага Нараджэння. Яна пройдзе 18 снежня ў другой палове дня. Ёлка, вышынёй 25 метраў, на ватыканскую плошчу прыбыла з нямецкай Баварыі, а Бэтлеемскія яслі з’яўляюцца дарам паўночнаітальянскага Трэнта.








All the contents on this site are copyrighted ©.