2015-12-16 12:38:00

Арцыбіскуп Галахер пра напрамкі ватыканскай дыпламатыі


Еўрапейскі Саюз павінен распрацаваць такую агульную міграцыйную палітыку, якую будзе ў стане рэалізаваць. У адваротным выпадку, трэба чакаць сур’ёзных праблем, як унутраных, так і знешніх, лічыць арцыбіскуп Пол Галахер, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Ён адзначыў, што ў распрацоўцы такой палітыкі павінны прымацца да ўвагі магчымасці асобных краін. Некаторыя з іх ужо на працягу 50 гадоў рэгулярна прымаюць мігрантаў, іншыя не маюць такога вопыту, адзначыў ватыканскі дыпламат 14 снежня 2015 г. падчас сустрэчы ў культурным цэнтры пасольства Францыі пры Святым Пасадзе.

Іерарх прадставіў асноўныя напрамкі ватыканскай дыпламатыі. Ён указаў на рызыкі, якія вынікаюць з так званай “фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны”. “Гаворыцца пра трэцюю сусветную вайну, таму што ўсе канфлікты сёння вельмі складаныя і нейкім чынам ўзаемазвязаныя. Гэта ўяўляе сабой сур’ёзную пагрозу”, - падкрэсліў іерарх і дадаў, што, напрыклад, падзеі ў Францыі заўтра могуць мець свае наступствы на Блізкім Усходзе, і наадварот. 

“Мы, як Святы Пасад не спыняемся ў нашым дыпламатычным узаемадзеянні, працы з міжнароднай супольнасцю, нашымі партнёрамі і пастырамі мясцовых Касцёлаў, каб абараніць супольнасці, якія знаходзяцца ў небяспецы, садзейнічаць справядлівасці і міру, шукаць дыпламатычнага вырашэння найбольш сур’ёзных канфліктаў сучаснасці”, - адзначыў арцыбіскуп Галахер. 

Ватыкансі дыпламат лічыць, што чалавецтва знаходзіцца на пераломным этапе гісторыі. Небяспека ў тым, што ўсё – канфлікты на Блізкім Усходзе, сур’ёзныя праблемы ў Еўропе – можа аб’яднацца ў адзінае цэлае. Гэта можна ўбачыць на прыкладзе мінулых буйных войнаў. Калі губляецца кантроль над сітуацыяй, гэта можа можа прывесці да выбуху. І гэтага варта пазбягаць.

Арцыбіскуп Галахер паведаміў, што ў цяперашні час вядзецца напружаная праца па вырашэнні праблем у Сірыі, Лівіі і ў рэгіёне Вялікіх азёр.








All the contents on this site are copyrighted ©.