2015-12-15 12:25:00

Францішак скіраваў пасланне на Сусветны дзень міру


Першым ворагам міру з’яўляецца абыякавасць людзей, народжаная адмовай ад Бога. Такая думка гучыць у пачатку паслання папы Францішка на Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня 2016 г. Пантыфік запрашае ўсіх да ўдзелу ў барацьбе за мір і просіць не забывацца, што ён з’яўляецца Божым дарам.

Нягледзячы на акты тэрарызму і войны апошніх гадоў, якія сімвалізуюць так званую “фрагментарную трэцюю сусветную вайну”, Пантыфік пералічвае шэраг прычын, што натхняюць чалавецтва надзеяй: нядаўняе падпісанне ў Парыжы пагаднення па клімаце, саміт у Адыс-Абебе, і прыняцце Парадку дзеянняў па ўстойлівым развіцці да 2030 г. Гэта ўсё уяўляе сабой спробу сусветных лідэраў пераадолець індывідуалістычныя інтарэсы і абыякавасць да пытанняў асабліва крытычных.

Юбілей Міласэрнасці ў Касцёле – гэта таксама запрашэнне да прабачэння і адмовы ад абыякавасці, якая перарасла ў праблему сусветнага маштабу. Сёння чалавецтва сутыкнулася з “глабалізацыяй абыякавасці”. Францішак запрасіў да шырокай прыхільнасці ў стварэнні сапраўднай культуры міласэрнасці. Усё пачынаецца з абыякавасці грамадства да Бога, а потым – да іншых людзей і стварэння. Абыякавасць – гэта грозная праблема, менавіта ёй сілкуюцца несправядлівасць і сур’ёзная сацыяльная няўстойлівасць, якія, у сваю чаргу, могуць прывесці да канфліктаў або насілля і адсутнасці бяспекі. Выйсце з гэтага – у навяртанні сэрца да сапраўднай салідарнасці, да настойлівай рашучасці прысвяціць сябе агульнаму дабру. Каб выйграць з абыякавасцю, трэба стварыць сапраўдную культуру салідарнасці і міласэрнасці.

Паказваючы, што мір з’яўляецца плёнам культуры салідарнасці, міласэрнасці і спагады, Францішак прыводзіць прыклады дзейнасці некаторых няўрадавых арганізацый і дабрачынных касцёльных груп, якія аказваюць дапамогу мігрантам, а таксама сродкаў камунікацыі, якія прабуюць абудзіць сумленне грамадскасці.

Юбілей Міласэрнасці, нагадаў Папа, гэта магчымасць унесці свой уклад у пабудову свету праз глыбокі рахунак сумлення, які мае на мэце вызначыць зоны абыякавасці ва ўласным жыцці і прыняць рэальныя абавязацельствы палепшыць рэальнасць, пачынаючы з уласнай сям’і, суседства або працоўнага асяроддзя. Таксама дзяржавы закліканы да канкрэтных актаў мужнасці ў дачыненні да найбольш уразлівых ў сваіх грамадствах: зняволеных, мігрантаў, беспрацоўных і хворых. Францішак заклікаў таксама да адмены смяротнага пакарання і да амністыі.

Папа завяршыў сваё пасланне заклікам да дзяржаўных лідэраў: “не” для новых канфліктаў і войнаў, якія руйнуюць матэрыяльнае багацце, культурныя і сацыяльныя правы народаў, іх маральную і духоўную цэласнасць; “так” для анулявання і ўстойлівага кіравання міжнароднымі запазычанасцямі самых бедных краін; “так” для прыняцця палітыкі супрацоўніцтва, якая паважліва ставіцца да каштоўнасцяў мясцовага насельніцтва і не наносіць шкоды правам ненароджанага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.