2015-12-14 12:25:00

Францішак пра надзею падчас цяжкасцяў


Надзея на Божую міласэрнасць адкрывае гарызонты і дае свабоду, у той час, як клерыкальная строгасць закрывае сэрцы і прыносіць шкоду, адзначыў папа Францішак 14 снежня 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты.

У сваёй гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на прыклад навяртання прарока Валаама, які змяніў сваё сэрца і пачаў бачыць далей за тое, што відавочнае: пачаў бачыць праўду. А праўда дае надзею, падкрэсліў Святы Айцец. “Надзея – гэта хрысціянская цнота, якую мы маем у якасці вялікага Божага дару і якая дазваляе бачыць далей за праблемы, пакуты, цяжкасці, далей за нашы грахі”, - сказаў Пантыфік. Яна дазваляе ўбачыць Божую прыгажосць.

“Калі знаходжуся побач з чалавекам, які мае гэту цноту і перажывае складаны момант свайго жыцця – ці хваробу ці турботы за сына, дачку або іншага члена сям’і – бачу, што пасярод пакутаў ён мае праніклівае вока, мае свабоду глядзець далей, заўсёды далей. Гэта і ёсць надзея”, - падкрэсліў Францішак. Паводле Папы, сёння Касцёл патрабуе людзей, якія ўмеюць захоўваць надзею нават пасярод праблем. 

Францішак звярнуў увагу на паводзіны першасвятароў і старэйшын народу, якія, папракаючы, казалі Езусу: “Якою ўладаю Ты гэта робіш?”. Гэта людзі, якія не мелі гарызонту, людзі закрытыя ў сваіх разліках, рабы ўласнай строгасці, перакананы Пантыфік. Строгасць вернікаў і духавенства не мае ў сабе надзеі, дадаў ён.

“На працягу Года Міласэрнасці ёсць гэтыя два шляхі: тыя, хто мае надзею на Божую міласэрнасць і ведае, што Бог – гэта Айцец, што Бог прабачае заўсёды і ўсе, што акрамя пустыні ёсць абдымкі Айца, прабачэнне; але таксама ёсць і тыя, хто ўцякае ва ўласнае рабства, ва ўласную строгасць, і больш не ведае нічога аб Божай міласэрнасці. Такімі былі настаўнікі закону, якія вучыліся, але іх навука не прынесла ім збаўлення”, - заўважыў Пантыфік і дадаў, што Бог прабачае заўсёды і чакае толькі кроку з боку чалавека. 








All the contents on this site are copyrighted ©.