2015-12-13 11:32:00

У Беларусі дадзены пачатак Году Міласэрнасці


13 сакавіка 2015 г. у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі афіцыйна пачаўся Год міласэрнасці. У Мінску пачатак урачыстай падзеі быў дадзены ў парафіі св. Сымона і Алены. Менавіта з Чырвонага касцёла, пасля ўрачыстай св. Імшы, па вуліцах горада да Архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі вырушыла шматлікая працэсія – да Святых Дзвярэй, якія адчыніліся ў галоўным каталіцкім храме краіны і сталі сімвалам адкрытасці Касцёла на Божую ласку і міласэрнасць.

Змянялiся часы i жыццё людзей, але складаныя сiтуацыi былі i далей застаюцца, перш за ўсё, у духоўным жыцці. Перад выклiкамi кожнай эпохi Касцёл не заставаўся i не застаецца абыякавым. Ён на iх адказвае, выкарыстоўваючы таксама i практыку Юбiлейных Гадоў, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. “Не можна сказаць, што я такі грэшны, а Бог мне не даруе. Даруе! Бог міласэрны! Перад уходам у катэдру зараз знаходзіцца сімвал Юбілейнага Году, дэвіз “Міласэрныя, як Айцец” і выява з Езусам Хрыстом, які нясе параненага чалавека. І там тры вока. Чаму? Гэта нагадвае аб тым, што адно вока Бога, другое – чалавека, а трэцяе – і Божае, і чалавечае. І Бог, і чалавек павінны глядзець у адным напрамку, любіць бліжняга. У тваёй душы будзе ноч да таго часу, пакуль ты ў сваім бліжнім не ўбачыш брата або сястру. І мы павінны гэта рабіць”, - адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё іерарх.

Тысячы вернікаў прынялі ўдзел у супольным святкаванні. Мінск, Магілёў, Будслаў, а ячшэ Віцебск, Пінск, Баранавічы, Гродна і Ліда – Святыя Дзверы расчынілі сёння знакавыя каталіцкія святыні па ўсёй краіне. Усяго 17 храмаў. У гэтым і ўнікальнасць Святога Года: адчыненыя Святыя Дзверы ва ўсім свеце – такое рашэнне прыняў папа Францішак.

Юбілей Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле праходзіць і пад знакам 50-годдзя завяршэння ІІ Ватыканскага Сабора, які прынес шмат наватарскіх рэчаў у жыццё католікаў, працу касцёльных структур і ўвогуле абраў новы шлях развіцця Паўсюднага Касцёла, па якім ён і крочыць дагэтуль.

Правядзенне Святога Года павінна зрабіць больш відавочнай місію міласэрнасці і стаць новым этапам евангелізацыі. Каб тыя, каго закранула Божая ласка, змаглі здабыць упэўненасць ў прабачэнні. Праграму ўсяго Юбілейнага года распрацавалі ўсе дыяцэзіі краіны. Агульным пунктам для ўсіх стане святкаванне 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якое адбудзецца падчас Будслаўскіх урачыстасцяў у ліпені 2016 г.

Ларыса Абрамчук, Мінск. 








All the contents on this site are copyrighted ©.