Міласэрнасць, з якой Езус дакранаецца да нашага сэрца, ніколі не з’яўляецца гвалтоўнай, але наадварот – далікатнай. Гэта хваля дабра і праўды, якая заклікае нас да змены жыцця, адзначыў кардынал Герхард Людвіг Мюлер. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “ACI” нагадаў пра сапраўднае значэнне міласэрнасці.
Ён падкрэсліў, што міласэрнасць з’яўляецца не проста выразам любові. Калі Бог уваходзіць у наша сэрца, то чыніць гэта, каб змяніць яго. Гэта праўда, што Ён нас прымае такімі, якімі мы ёсць, але ніколі не пакідае такімі самымі, сказаў кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі.
Нямецкі пурпурат падкрэсліў, што міласэрнасць не мае нічога супольнага з паблажлівасцю. Бог адносіцца да чалавека інакш і дастаткова пачытаць Евангелле, каб убачыць гэта, параіў кардынал. Езус добры, але не коштам праўды, заўважыў ён. Праявай міласэрнасці з’яўляецца перш за ўсё выпраўленне памылак. Айцец, які б забываў пра сваіх дзяцей, які б апраўдваў іх хібы ці закрываў на іх вочы, вёў бы іх да падзення. У міласэрнасць упісаны, як любоў, так і праўда, падкрэсліў кардынал Мюлер.
All the contents on this site are copyrighted ©. |