2015-12-11 15:54:00

Другое адвэнтавае казанне прагучала ў Ватыкане


Аб паўсюднасці паклікання да святасці казаў 11 снежня 2015 г. падчас свайго другога адвэнтавага казання для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі прапаведнік Папскага дому айцец Раньера Канталамеса. Ён нагадаў, што святасць з’яўляецца найбольш адпаведным станам для тых, хто быў створаны на вобраз і падабенства Бога. Каб дасягнуць святасці, у першую чаргу, трэба перастасць баяцца, дадаў капуцын.

Папскі прапаведнік падкрэсліў, што пакліканне да святасці тычыцца кожнага, яно з’яўляецца “часткай нармальнага хрысціянскага жыцця”. Невядомых святых, якія пастаянна нараджаюцца ў Касцёле, вялікае мноства, перакананы ён.

Айцец Канталамеса супрацьпаставіў “абрадавую” ідэю святасці – якая прысутнічае ў Старым Запавеце і звязана з наведваннем адпаведных месцаў і выкананнем пэўных прадпісанняў – святасці Новага Запавету, якая ў першую чаргу з’яўляецца “пакліканнем”. Святасць у сэрцы, унутры чалавека. Яе пасярэднікамі больш не з’яўляюцца месцы, як напрыклад ерузалемская святыня, але асоба – Езус Хрыстус, Якога неабходна наследаваць у жыцці праз справы.

Супрацьпастаўленне веры і спраў – і сёння мы ў гэтым пераконваемся – гэта фальшывая праблема, якая падтрымлівалася, на працягу стагоддзяў праз палеміку, заўважыў прапаведнік. Добрыя справы, без веры не з’яўляюцца “добрымі” і вера без добрых спраў не з’яўляецца сапраўднай верай. “Дастаткова, што “добрымі справамі” з большага не лічацца – як нажаль адбывалася ў часы Лютэра – індульгенцыі, пілігрымкі, свечкі, пабожныя практыкі, але пераважна захаванне Божых запаведзяў, у першую чаргу братэрскай любові”, - сказаў ён.

Людзі пакліканы быць святымі, паволькі Бог з’яўляецца Святым, падкрэсліў італьянскі законнік. “Калі мы “пакліканы быць святымі”, калі наша пакліканне заключаецца ў гэтым, тады будзем сапраўднымі асобамі, якія рэалізаваліся, у меры таго, наколькі будзем святымі. У адваротным выпадку, мы будзем прайграўшымі. Супрацьлеглым святому з’яўляецца не грэшнік, а той, хто прайграў!”, - сказаў прапаведнік і дадаў, што святасць – гэта шлях, на якім нельга спыняцца.








All the contents on this site are copyrighted ©.