2015-12-10 13:04:00

Папа: Бог палюбіў мізэрнасць свайго народа


Папа Францішак параўнаў Божую міласэрнасць з бацькоўскімі абдымкамі, у якіх дзіця можа знайсці суцяшэнне і падтрымку. Аб гэтым Пантыфік казаў 10 снежня 2015 г. у сваёй гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У св. Імшы прынялі ўдзел таксама дзевяць кардыналаў, членаў Рады па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам і падрыхтоўцы праекту рэфармавання Рымскай курыі, якая пачала сваё чарговае пасяджэнне ў Ватыкане.

Францішак нагадаў, што Бог выбраў свой народ не таму, што ён быў вялікім і моцным, але таму што быў самым малым і няшчасным з усіх. Бог палюбіў гэту мізэрнасць. Ён прамаўляў да свайго народа з любоўю і бацькоўскай пяшчотай. Запэўніваў у сваёй блізкасці і падтрымцы.

Бог заўсёды прамаўляе так, як гэта робяць бацька і маці да дзіцяці, ахопленага страхам: “Не бойся, Я тут. Я закаханы ў тваю мізэрнасцю і нікчэмнасць”. Але таксама кажа: “Не бойся сваіх грахоў. Я вельмі цябе люблю. Я тут, каб прабачыць цябе”. Гэта міласэрнасць Бога, падкрэсліў Папа і дадаў, што “Пан жадае ўзяць на сябе нашы слабасці, нашы грахі, нашу стомленнасць”. Бог жадае адарыць вернікаў сваім прабачэннем і супакоем. Менавіта такім чынам, паводле Папы, Ён выказвае сваю міласэрнасць.

“Папросім Пана, каб абудзіў ў кожным з нас і ва ўсім народзе веру ў Яго бацькоўства, братэрства, міласэрнасць, у Яго сэрца. Гэта вера ў Яго бацькоўства і міласэрнасць зробіць нас крыху больш міласэрнымі ў адносінах да іншых”, - сказаў Пантыфік на заканчэнне сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.