2015-12-09 15:09:00

Святы Пасад прызнае працу Чырвонага Крыжа і Паўмесяца


Святы Пасад прызнае выдатны ўклад Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца ў адказ на шматлікія чалавечыя патрэбы, асабліва ў сітуацыях гуманітарнага крызісу і іншых надзвычайных сітуацыях, сказаў арцыбіскуп Сільвана Тамазі, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе на 32-й міжнароднай канферэнцыі гэтай аргінізацыі.

Іерарх нагадаў асноватворныя прынцыпы асацыяцыі: гуманнасць, бесстароннасць, нейтральнасць, незалежнасць, добраахвотнасць, адзінства і ўніверсальнасць, і падкрсэсліў, што многія гуманітарныя арганізацыі ва ўсім свеце, у тым ліку і рэлігійныя, падзяляюць іх. Святы Пасад, у сваю чаргу, падтрымлівае намаганні па ўмацаванні міжнароднага гуманітарнага права і кантролю за яго ажыццяўленнем дзяржавамі і ўсімі іншымі зацікаўленымі бакамі.

На думку Святога Пасаду, самым важным з’яўляецца прынцып “чалавечнасці”, і ён не можа быць падменены доўгім спісам добрых прапаноў, мэтаў, задач і статыстыкі. Апошняе не можа даць адказ на ўсе выклікі сучаснага свету, які, у пэўным сэнсе, сутыкнуўся з “сапраўднай фрагментарнай сусветнай вайной”, якая ўплывае на шматлікія вобласці свету ў розных формах і рознай ступені інтэнсіўнасці, спаслаўся на меркаванне папы Францішка ватыканскі дыпламат. 

Лепшай “прафілактыкай” такіх сітуацый з’яўляецца інвестыцыя ў інтэгральнае развіццё чалавека, якое прымае пад увагу ўсе аспекты чалавечага прагрэсу, у тым ліку сацыяльныя, эканамічныя, адукацыйныя, эмацыйныя і духоўныя. Паляпшэнне якасці жыцця асоб і сем’яў, абарона правоў і свабод чалавека, асабліва ў бедных супольнасцях, таксама можа прадухіліць у будучыні ўзнікненне ўзброеных канфліктаў, грамадскіх беспарадкаў і праблем у забеспячэнні вяршэнства закона, агучыў пазіцыю Святога Пасаду яго прадстаўнік. 

Арцыбіскуп Тамазі з занепакоеннасцю заўважыў, што міжнароднае гуманітарнае права ўсё часцей ігнаруюцца і парушаецца. Апостальская Сталіца занепакоена гэтымі падзеямі, якія могуць прывесці толькі да новага ўсплеску насілля, галечы і пакут. Засяродзіўшы ўвагу на бягучых і зацяжных канфліктах, міжнародная супольнасць павінна заставацца пільнай і да патрэб людзей, якія апынуліся ў надзвычайных гуманітарных сітуацыях. Сродкі масавай інфармацыі і міжнародная супольнасць павінны рэгулярна, а не час ад часу, звяртаць на іх увагу.

Іерарх падкрэсліў узаемазвязанасць глабальных з’яў і “культуры адчужэння”, якая атручвае свет і пашырае тэндэнцыі да прагнасці, карупцыі, насілля, вайны і знішчэння навакольнага асяроддзя. Усе грамадзяне гэтага свету нясуць адказнасць за сваіх бліжніх. Усе людзі з’яўляюцца раўнапраўнымі членамі адной чалавечай сям’і і маюць права разлічваць на ўзаемную салідарнасць. Усе маюць аднолькавую годнасць і, такім чынам, маюць права на роўны доступ да дабрабыту. Акрамя таго, усе людзі павінны мець роўны голас у распрацоўцы палітыкі і прыняцці рашэнняў, якія будуць уплываць на іх жыццё і жыццё будучых пакаленняў, сказаў арцыбіскуп Тамазі.

Прадстаўнік Святога Пасаду канкрэтна вызначыў тыя праблемы, дзе проста неабходна неабходна супрацоўніцтва і ўдзел усёй чалавечай сям’і: раззбраенне і, у прыватнасці, ядзернае раззбраенне, міграцыя, беднасць, узброеныя канфлікты, павага да правоў чалавека і вяршэнства закона, кліматычныя змены і экалагічныя праблемы, хваробы… Тут Чырвоны Крыж і Чырвоны Паўмесяц павінны працаваць супольна з міжнароднымі арганізацыямі і грамадзянскай супольнасцю, каб забяспечыць лепшую будучыню для будучых пакаленняў, падкрэсліў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН у Жэневе.








All the contents on this site are copyrighted ©.