2015-12-08 10:36:00

Францішак адчыніў Святы Дзверы


Папа 8 снежня 2015 г., пасля ўрачыстай літургіі на ватыканскай плошчы, адчыніў Святыя Дзверы ў базыліцы св. Пятра, распачынаючы Год Міласэрнасці ў Каталіцкім Касцёле. Ён будзе доўжыцца да 20 лістапада 2016 г. У гэты час у Рыме чакаецца прыбыццё мільёнаў пілігрымаў з усяго свету. Сёння таксама адзначаецца 50-годдзе завяршэння Другога Ватыканскага Сабору. Таму падчас абраду чыталіся фрагменты чатырох саборных канстытуцый.

Францішак спрасціў цырымонію і адмовіўся ад традыцыйнага сімвалічнага трохразовага ўдару малатком і размуравання сцяны, якая знутры базылікі закрывае Дзверы. Яна ўзносіцца заўсёды на перыяд паміж юбілеямі. Пантыфік абмежаваўся толькі адкрыццём Брамы Міласэрнасці, штурхнуўшы яе два крылы. Затым Святы Айцец спыніўся на парозе храма і пагрузіўся ў малітву. Другім за Францішкам праз Святыя Дзверы прайшоў Бэнэдыкт XVI.

Паводле тэолагаў і літургістаў, Святыя Дзверы сімвалізуюць Хрыста, Які сказаў: “Я – брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу” (Ян 10, 9). Яны таксама ўяўляюць сабой сэрца верніка, які павінен быць адкрыты для Хрыста. Традыцыя адкрыцця Святых Дзвярэй у пачатку Юбілейнага Года ўзыходзіць да 1499 г., калі гэта ўпершыню зрабіў у Божае Нараджэнне папа Аляксандр VI.

Цяперашнія Святыя Дзверы ватыканская базыліка атрымала ў дар ад швейцарскіх католікаў, як выраз падзякі Богу за тое, што выратаваў іх краіну ад зверстваў і катастроф Другой сусветнай вайны. Яны былі ўсталяваны да Юбілею 1950 года.








All the contents on this site are copyrighted ©.