2015-12-08 12:57:00

Папа: адметная рыса хрысціян – міласэрнасць


Перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 8 снежня 2015 г. папа Францішак нагадаў, што Панна Марыя была першай, каго Бог збавіў праз сваю бясконцую міласэрнасць. “Няхай праз заступніцтва Беззаганнай Марыі міласэрнасць паселіцца ў нашых сэрцах і пераменіць усё наша жыццё”, - пажадаў Пантыфік.

Святы Айцец перакананы, што Маці Божая з’яўляецца першым плёнам збаўлення, якім Пан жадае адарыць кожнага чалавека. Па гэтай прычыне, Панна Марыя з’яўляецца “іконай Божай Міласэрнасці”. Трэба сузіраць яе з даверлівай любоўю і ісці за яе прыкладам.

Пантыфік падкрэсліў два фундаментальных значэнні ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Яна заахвочвае людзей да поўнага прыняцця Бога і Яго міласэрнай ласкі ў жыцці і запрашае да перамянення ў сапраўдных будаўнікоў міласэрнасці.

Святы Айцец заклікаў браць прыклад з Марыі і праз штодзённае “так”, сказанае Божай воле, перамагаць эгаізм, рабіць радасным жыццё бліжніх і дарыць ім надзею. “Мы пакліканы, па прыкладзе Марыі, несці Хрыста і быць сведкамі Яго любові, гледзячы перш за ўсё на тых, якія з’яўляюцца прывілеяванымі ў вачах Езуса”, - сказаў Францішак.

Напрыканцы свайго разважання Папа пажадаў вернікам, каб Найсвяцейшая Панна дапамагала ім усё больш і больш адкрываць Божую Міласэрнасць – рысу, якая адрознівае хрысціян.








All the contents on this site are copyrighted ©.