2015-12-07 13:58:00

Святы Пасад пракаментаваў інфармацыю вакол судовага працэсу


Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду выступіў са спецыяльнай заявай на тэму судовага працэсу, які працягваецца ў Ватыкане па справе распаўсюджвання канфідэнцыйных дакументаў. Кс. Фэдэрыка Ламбардзі заўважыў, што ў апошні час з’яўляюцца недарэчныя і цалкам неабгрунтаваныя паведамленні адносна працэсу і самой справы. Менавіта гэта стала падставай адмысловай заявы.

Судовы працэс вядзецца адносна пяці чалавек. Трох з іх абвінавачваюць у стварэнні арганізаванай злачыннай арганізацыі, з мэтай здзяйснення некалькіх злачынстваў па распаўсюдзе інфармацыі і дакументаў, якія тычацца фундаментальных інтарэсаў Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан. Двух іншых – у падбухторванні і аказанні ціску ў мэтах атрымання інфармацыі і дакументаў канфідэнцыйнага характару і выкарыстання іх пры напісанні кніг, выдадзеных у Італіі ў лістападзе 2015 г.

Кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду нагадаў, што “Ватыкан мае свой уласны прававы парадак, цалкам аўтаномны і адрозны ад італьянскай прававой сістэмы. Мае свае ўласныя судовыя органы для розных узроўняў рашэнняў і выканання заканадаўства па крымінальных справах і працэдурах”. Прычым, усё гэта адпавядае сучасным прававым сістэмам і іх фундаментальным прынцыпам. Гаворка ідзе пра незалежны і бесстаронні суд, які базуецца на законе, прэзумпцыю невінаватасці, права на тэхнічную абарону, свабоду судовай калегіі ў фармаванні меркавання на аснове доказаў у публічных слуханнях і ў дыскусіі паміж абвінавачваннем і абаронай, выданне абгрунтаванага прысуду з магчымасцю апеляцыі. 

Кс. Ламбардзі заўважыў, што задзейнічаныя ў следстве і судовым працэсе асобы былі вызначаны з дапамогай кааптацыі, паколькі не маглі быць абраныя шляхам працэдуры грамадскага выбару ў сувязі з ватыканскай спецыфікай. Гэта прафесіяналы найвышэйшага ўзроўню з прызнаным вопытам і рэпутацыяй. Усе яны з’яўляюцца прафесарамі італьянскіх універсітэтаў.

Што тычыцца заяваў некаторых асоб аб парушэнні права адвакатаў на абарону, тут трэба падкрэсліць, што дзеючае заканадаўства Ватыкана знаходзіцца ў поўнай адпаведнасці з працэсуальным законам большасці юрысдыкцый ва ўсім свеце, калі адвакату даецца такое права пры выкананні пэўных умоў і адпаведнай кваліфікацыі. Таму нядзіўна, што адвакат, які атрымаў права практыкаваць у Італіі, магчыма, не зможа рабіць гэта ў Дзяржаве Ватыкан. Гэтыя ўмовы не з’яўляюцца абмежаваннем, а хутчэй яшчэ адным пацвярджэннем аўтаноміі і незалежнасці Ватыкана.

Прадстаўнік Святога Пасаду назваў некаторыя ўмовы для таго, каб адвакат мог практыкаваць у Дзяржаве Ватыкан. Адной з іх з’яўляецца валоданне адпаведнай ступенню ў кананічным праве і дыплом, атрыманы пасля трохгадовага спецыяльнага курсу ў Рымскай Роце. “Такога роду перадумовы неабходныя для гарантавання прафесіяналізму і кампетэнтнасці тых, каму даручана забеспячэнне належнага правядзення судовага працэсу, які, па розных прычынах, прыцягвае шырокую ўвагу”, - падкрэсліў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.