2015-12-06 12:28:00

Святы Айцец з увагай сочыць за кліматычным самітам


Пантыфік з “вялікай увагай” сочыць за працай Канферэнцыі па зменах клімату, якая праходзіць зараз у Парыжы пад эгідай ААН. Аб гэтым заявіў ён сам 6 снежня 2015 г. на плошчы св. Пятра падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Францішак узгадаў пытанне, якое гучыць у яго нядаўна выдадзенай энцыкліцы “Laudato si’”: “Які свет мы хочам заставіць тым, хто прыйдзе пасля нас, дзецям, якія растуць? “. 

“Дзеля агульнага дома, ўсіх нас і будучых пакаленняў, у Парыжы ўсе намаганні павінны быць накіраваны на змякчэнне наступстваў змены клімату і, у той жа час, на барацьбу з беднасцю і абарону чалавечай годнасці”, - сказаў Пантыфік. 

Трэба нагадаць, што падчас сваёй нядаўняй паездкі ў Афрыку, наведваючы рэзідэнцыю ААН у Найробі, Францішак адзначыў, што было б сумна і нават катастрафічна, калі б прыватныя інтарэсы ўзялі перавагу над супольным дабром. Гэта было сказана ў кантэксце экалагічнага крызісу, які перажыве планета. Папа нагадаў, што кліматычныя змены нясуць цяжкія наступствы для навакольнага асяроддзя, сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай сфер і справядлітвага размеркавання рэсурсаў зямлі. Ён назваў гэту праблему галоўным і самым актуальным выклікам для чалавецтва. На думку Святога Айца, “неабходны шчыры і адкрыты дыялог і адказнае супрацоўніцтва паміж усімі: палітычнымі ўладамі, навуковай супольнасцю, прадпрыемствамі і грамадствам”. Добрыя прыклады і важныя вынікі такога ўзаемадзеяння ўжо існуюць.

“Будзем маліцца, каб Святы Дух натхніў усіх, хто закліканы прымаць такія важныя рашэнні, і даў ім мужнасць узяць у якасці крытэрыю выбару дабро ўсёй чалавечай сям’і”, - заклікаў Пантыфік 6 снежня 2015 г. падчас нядзельнай малітвы ў Ватыкане.








All the contents on this site are copyrighted ©.