2015-12-05 14:16:00

Папа заклікаў да аднаўлення “адукацыйнага пакту”


Папа Францішак сустрэўся 5 снежня 2015 г. з прадстаўнікамі Асацыяцыі бацькоў каталіцкіх школ, з нагоды 40 гадавінны яе заснавання. Святы Айцец выказаў перакананне, што візіт бацькоў у Ватыкан з’яўляецца пацвярджэннем не толькі іх жадання ісці па шляху веры, але і імкнення быць выхавальнікамі “паводле сэрца Бога і Касцёла”. Ён нагадаў, што каталіцкая адукацыя, гэта, перш за ўсё, гуманізм і заклікаў да “інклюзіўнай адукацыі”, якая дае магчымасці ўсім, а не толькі нейкім элітам.

Роля Асацыяцыі, паводле Пантыфіка, палягае на службе ў школе і ў сям’і, пабудове мастоў паміж школай і мясцовым асяроддзем, паміж школай і домам, паміж школай і грамадзянскімі інстытутамі. Ён заклікаў да аднаўлення своеасаблівага “адукацыйнага пакту” і нагадаў пра “доўг і першаснае і неад’емнае права” бацькоў да выхавання сваіх дзяцей, дапамагаючы у гэтым школе. “Гэта ваша права – патрабаваць даступнай для вашых дзяцей адукацыі, адукацыі цэласнай і адкрытай для самых сапраўдных чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў”, - сказаў Францішак. 

Папа заклікаў прадстаўнікоў Асацыяцыі задаць спытаць сябе: “якія існуюць патрабаванні для таго, каб школа была па-сапраўднаму каталіцкай?”. Такая школа, заўважыў ён, павінна вучыць “культуры цэласнай, а не ідэалагічнай”, паклікана “садзейнічаць гармоніі разнастайнасці”. І тут трэба падумаць, як можна гэта ажыццявіць на практыцы, лічыць Пантыфік. Ён спаслаўся на словы свайго папярэдніка, св. Яна Паўла II, які яшчэ ў 1998 г. заклікаў да пабудовы “мосту” паміж школай і грамадствам. Трэба стварыць такую адукацыйную супольнасць, у якой, разам з настаўнікамі, супрацоўнікамі і вучнямі, бацькі змогуць быць галоўнымі дзеючымі асобамі адукацыйнага працэсу, перакананы Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што ў выніку эканамічнага крызісу многія прыватныя школы, сярод якіх і каталіцкія, адчулі значныя фінансавыя праблемы і нават сталі перад пагрозай закрыцця. Ён перасцярог каталіцкія школы ад вырашэння гэтага пытання шляхам пагоні за колькасцю на шкоду якасці. Якасць прысутнасці ў адукацыйным працэсе бацькоў, а не колькасць рэсурсаў заўсёды адрознівалі каталіцкія навучальныя ўстановы ад іншых, падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заклікаў каталіцкіх бацькоў быць сведкамі чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў у сям’і, у школе, у грамадстве. Менавіта яны, на думку Папы, павінны паспрыяць таму, каб каталіцкая школа не стала нейкім “запасным” або альтэрнатыўным варыянтам сярод розных адукацыйных устаноў. Трэба імкнуцца да таго, каб каталіцкія школы былі сапраўды адкрытымі для ўсіх, заклікаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.