2015-12-04 15:29:00

Год Міласэрнасці ў Ватыкане: штодзённая малітва на Ружанцы


Падчас урачыстага набажэнства адкрыцця Святых Дзвярэй, якое пройдзе 8 снежня 2015 г. на плошчы св. Пятра, будуць прачытаны ўрыўкі з чатырох канстытуцый Другога Ватыканскага Сабора: “Dei Verbum”, “Lumen gentium”, “Sacrosanctum concilium” і “Gaudium et spes”, а таксама з дэкрэта “Unitatis redintegratio”, прысвечанага экуменізму, і дэкларацыі “Dignitatis humanae” на тэму рэлігійнай свабоды. Менавіта на гэты дзень, 8 снежня, прыпадае 50-ая гадавіна закрыцця Сабора. У літургічнай працэсіі да алтара будзе прынесены Евангеліярый, падрыхтаваны спецыяльна да гэтай нагоды.

Старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела правёў 4 снежня 2015 г. у Ватыкане прэс-канферэнцыю па пытаннях арганізацыі Надзвычайнага Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці.

8 снежня, пасля ўрачыстай літургіі, Пантыфік сустрэнецца з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Заключным момантам свята стане вячэрняя прэзентацыя пад назвай “Fiat lux: Асвятлім наш агульны дом”, у рамках якой на фасадзе і купале базылікі св. Пятра  адбудзецца праекцыя фотаздымкаў знакамітых фатографаў на тэму міласэрнасці, гуманнасці і прыгажосці навакольнага асяроддзя.

18 снежня Францішак здзейсніць сімвалічны жэст, калі адкрые Дзверы Міласэрнасці ў адным з прыютаў Рыма. Адну з пятніц кожнага месяца Пантыфік будзе асаблівым чынам прысвячаць справам міласэрнасці, у тым ліку візітам у арганізацыі, якія займаюцца дапамогай людзям у патрэбе.

Пачынаючы з 8 снежня, штодзённа на плошчы св. Пятра прадстаўнікі асобных рэлігійных ўстаноў і парафій Рыма будуць праводзіць малітву на Ружанцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.