2015-12-03 12:39:00

Францішак да моладзі пра “ўзрыўны” патэнцыял Бібліі


Папа Францішак напісаў кранальную і шчырую прадмову да новага нямецкамоўнага моладзевага выдання Бібліі, якое ўбачыла свет па ініцыятыве групы аўстрыйскіх тэолагаў.

Свой зварот Пантыфік пачаў з прызнання: “Мае дагагія маладыя сябры, калі вы ўбачыце маю Біблію, магчыма, не будзеце занадта ўражаны. Вы скажаце: “Што? Гэта Біблія Папы? Такая старая і падрапаная!”. Вы захочаце падарыць мне новую, магчыма за 1000 еўра, але я не хачу! Я люблю маю старую Біблію. Тую, якая спадарожнічала мне на працягу паловы жыцця, якая бачыла мае радасці, была абмыта маімі слязамі: гэта мой незаменны скарб. Я жыву ёй і ні за што на свеце яе не аддам”.

Пантыфік пажадаў юнакам і дзяўчатам, пасля прачытання Бібліі, не пакідаць яе пыліцца ў трэццім шэрагу кніжнай шафы. Сёння, больш чым у першыя часы існавання Касцёла, вернікі падвяргаюцца пераследу за тое, што носяць крыжыкі, даючы сведчанне аб Хрысце, і маюць Біблію. “Хутчэй за ўсё, Святое Пісанне з’яўляецца вельмі небяспечнай кнігай, настолькі небяспечнай, што ў некаторых краінах да тых людзей, якія валодаюць ёй, адносяцца так, як быццам бы яны хавалі гранату ў шафе”, - з іроніяй заўважыў Святы Айцец.

Папа ўзгадаў словы Махатмы Гандзі, які не быў хрысціянам, але казаў пра Біблію, як пра сродак, патэнцыялу якога дастаткова, каб перавярнуць свет і прынесці мір на планету. Святое Пісанне – гэта не літаратурны шэдэўр і не збронік цудоўных і старадаўніх апавяданняў, але палымяная кніга, у якой прамаўляе Бог. Пантыфік заклікаў моладзь заўсёды трымаць Біблію пры сабе, часта чытаць яе, як самім, так і разам з іншымі.

“У кампаніі вы займаецеся спортам, ходзіце на “шопінг”, чаму ж не чытаеце разам Біблію: у двух, у трох ці ў чатырох? Магчыма, на вуліцы, на прыродзе, у лесе, на беразе мора, вечарам пры святле свечак. Гэта быў бы моцны досвед, які ўзрушвае. Ці можа вы баіцеся паказацца недарэчнымі ў вачах іншых”, - спытаў Францішак.

Папа параіў маладым людзям чытаць Святое Пісанне ўважліва, а “не як комікс”, і пытацца ў Бога, што Ён жадае сказаць праз сваёй слова. “Толькі так Божае слова можа паказаць усю сваю сілу; толькі так наша жыццё можа перамяніцца, становячыся поўным і прыгожым”, - дадаў ён.

Пантыфік падзяліўся, што, калі чытае Біблію, пасля кароткага ўрыўку адкладае яе і спрабуе сузіраць Бога, слухаючы Яго сэрцам. “Часам, молячыся я засынаю, але гэта нічога: я, як сын побач з бацькам, і гэта самае важнае. Хочаце зрабіць мяне шчаслівым? Чытайце Біблію!”, - параіў моладзі Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.