2015-12-03 12:19:00

Святы Пасад нагадаў у ААН пра правы мігрантаў і ўцекачоў


Міграцыйныя працэсы з’яўляюцца феноменам нашага часу, на які міжнародная супольнасць павінна рэагаваць адэкватнай палітычнай стратэгіяй. Яна павінна быць згоднай з агульнапрызнанымі гуманітарнымі каштоўнасцямі і не хавацца за папулісцкай рыторыкай. Такое меркаванне выказаў пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры аддзяленнях Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Жэневе, арцыбіскуп Сільвана Тамазі, у ходзе чарговай сесіі Савета Міжнароднай арганізацыі па міграцыі.

Цяперашні “год міграцыі” ватыканскі дыпламат назваў паваротным момантам у трансфармацыі грамадстваў. На яго думку, сёння мы перажываем крызіс даверу і салідарнасці. Па прычыне шматлікіх канфліктаў у свеце і адрозненняў у развіцці каля 240 млн чалавек знаходзяцца за мяжой у якасці мігрантаў, з якіх больш за 60 млн былі вымушаныя пакінуць сваю радзіму.

Паводле арцыбіскупа, міжнародным прыярытэтам павінна быць ратаванне жыцця чалавека, незалежна ад яго міграцыйнага статусу. Закрыццё межаў і будаўніцтва сцен даюць толькі больш магчымасцяў гандлярам людзьмі для рэалізацыі іх злачынных інтарэсаў.

Прадстаўнік Святога Пасаду звярнуў увагу на неабходнасць удасканалення заканадаўства, якое б спрыяла супрацоўніцтву памежных службаў і дазволіла адносіцца да бежанцаў не адмаўляючы ім годнасці. Цэнтры для ўцекачоў і эфектыўная сістэма прызнання прытулку павінны быць у цэнтры ўвагі міграцыйнай палітыкі на міжнародным узроўні.

Арцыбіскуп Тамазі высока ацаніў нядаўна прыняты ААН Парадак дзеянняў для ўстойлівага развіцця да 2030 года. На яго думку, міжнародная супольнасць паклала шмат намаганняў, дэманструючы, што яна з’яўляецца сапраўднай сям’ёй народаў.

Іерарх заклікаў у прыватнасці абараніць тыя месцы, дзе грамадзянскія асобы павінны адчуваць сябе ў бяспецы ад насілля. Ён паказаў на неабходнасць вывучэння прычын міграцыі і падтрымкі на мясцовым узроўні для іх ліквідацыі. Дыпламат нагадаў думку папы Францішка, што міграцыя будзе павялічвацца ў сувязі з пашырэннем зон беднасці ў выніку пагаршэння стану навакольнага асяроддзя.

Арцыбіскуп Тамазі папярэдзіў, што нядаўнія тэракты ў Парыжы не змянілі тэндэнцыі, звязанай з міграцыйнымі патокамі і не перамясцілі цэнтр цяжару выключна на пытанні бяспекі. У гэтым кантэксце ён таксама звярнуў увагу на станоўчыя аспекты з’явы міграцыі, напрыклад, што мігранты ўзбагачаюць грамадства плацячы падаткі, робячы цяжкую працу і станоўча ўплываючы на дэмаграфічную складаючую хутка старэючых грамадстваў. 

На думку Святога Пасаду, мігранты могуць быць будаўнікамі мастоў, якія злучаюць культуры, а прызнанне за імі належных правоў мае важнае значэнне для развіцця станоўчай інтэграцыі, узаемнага ўзбагачэння і абнаўлення даверу.








All the contents on this site are copyrighted ©.