2015-12-03 14:53:00

Святы Айцец бачыць Касцёл больш місійным


Касцёл павінен быць больш місійным у свеце, які кажа пра мір, але не прызнае Езуса Хрыста, адзначыў папа Францішак 3 снежня 2015 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Святы Айцец заўважыў, што сучасны секулярызаваны свет адкрыты на евангельскія каштоўнасці любові, справядлівасці, міру і сціпласці, але не дэманструе такой жа адкрытасці адносна асобы Езуса: не лічыць яго ні Месіяй, ні Сынам Божым. Ён часцей разглядае Хрыста ў якасці “натхнёнага чалавека”, такім чынам аддзяляючы пасланне ад Пасланніка, дар ад Дарыцеля.

Папа звярнуў увагу на тое, што галоўнай дзеючай асобай місійнай дзейнасці з’яўляецца Святы Дух. Касцёл толькі служыць Яго задуме. “Гэта не Касцёл стварае місію, але місія стварае Касцёл, абнаўляючы яго і нанова запальваючы ў ім веру, энтузіязм, матывацыю і хрысціянскую ідэнтычнасць. Місія, такім чынам, перамяняе Касцёл знутры”, - сказаў Францішак. 

Менавіта па гэтай прычыне, паводле Папы, кожная каталіцкая супольнасць павінна прайсці гэтым шляхам. “Так Святы Дух пераменіць “нядзельных” вернікаў у вучняў, сумных вучняў у місіянераў, пазбаўляючы іх страхаў і закрытасці і накіроўваючы ўсюды, аж да краю зямлі”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа пажадаў, каб каталіцкія супольнасці са старадаўняй хрысціянскай традыцыяй чэрпалі місійны запал ад “маладых Касцёлаў”, якія ў актуальным кантэксце крызісу пакліканняў здольныя не толькі прымаць, але і прапанаваць святароў, што з’яўляецца знакам “дасягнутай сталасці” і “світанкам новага дня”. 

Пантыфік заклікаў да адданай і самаахвярнай евангелізацыйнай дзейнасці па прыкладзе апосталаў, якія, звярнуў увагу ён, не мелі за плячыма дыкастэрыі па місійных справах.








All the contents on this site are copyrighted ©.