2015-12-02 11:24:00

Святы Айцец распавёў пра свой візіт у Афрыку


Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 2 лістапада 2015 г. папа Францішак распавёў вернікам пра сваё нядаўняе падарожжа ў Афрыку, у рамках якога ён наведаў тры краіны: Кенію, Уганду і Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку. Святы Айцец выказаў падзяку іх грамадзянскім і касцёльным уладам, а таксама ўсім, хто дапамагаў у арганізацыі падарожжа.

Каментуючы свой візіт у Кенію, Папа падкрэсліў, што гэта краіна “ўяўляе сабой глабальны выклік нашай эпохі”, які тычыцца клопату пра стварэнне праз змену мадэлі развіцця ў бок роўнасці, інклюзіўнасці і ўстойлівасці. Пантыфік назваў “агіднасцю” суіснаванне багацця і крайняй беднасці, сведкам чаго ён стаў у Найробі і што існуе ў іншых частках свету. Францішак нагадаў, што пры кожнай нагодзе запрашаў кенійцаў моцна цаніць вялікае прыроднае і духоўнае багацце сваёй краіны, якое складаюць прыродныя рэсурсы, дзеці і моладзь і каштоўнасці, якія фарміруюць мудрасць народа. 

“У гэтым, вельмі драматычным сённяшнім кантэксце я быў рады прынесці Езусавы словы надзеі: “Будзьце моцнымі ў веры, не бойцеся!”. Гэта быў дэвіз візіту. Словы, якімі штодзённа жыве мноства сціплых і простых людзей са шляхетнай годнасцю; словы, якім далі трагічнае і гераічнае сведчанне юнакі і дзяўчаты ўніверсітэту ў Гарысе, забітыя 2 красавіка, толькі таму, што былі хрысціянамі. Іх кроў з’яўляецца зернем міру і братэрства для Кеніі, для Афрыкі і ўсяго свету”, - сказаў Пантыфік.

Візіт ва Уганду, паводле слоў Францішка, прайшоў пад знакам мучанікаў гэтай краіны, 50-годдзе гістарычнай кананізацыі якіх адзначаецца сёлета. Па гэтай прычыне, дэвізам яго візіту сюды былі словы: “Будзеце маімі сведкамі”. Пантыфік высока адзначыў сведчанне і адданую працу мясцовых катэхетаў, супрацоўнікаў каталіцкіх дабрачынных структур, моладзі, якая нягледзячы на цяжкасці захоўвае дар надзеі і спрабуе жыць згодна з Евангеллем, ідучы супраць плыні. 

“Сведкамі з’яўляюцца і святары, і кансэкраваныя асобы, якія штодзённа абнаўляюць сваё поўнае “так” Хрысту і з радасцю прысвячаюць сябе служэнню святому Божаму народу. (...) Усё гэта шматбаковае сведчанне, натхнёнае Святым Духам, з’яўляецца зачынам для ўсяго грамадства, як паказвае плённая дзейнасць, праведзеная ва Угандзе ў справе барацьбы са СНІДам і ў прыняцці бежанцаў”, - падкрэсліў Францішак.  

Трэццім этапам падарожжа Святога Айца была Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка – “геаграфічнае сэрца кантынента”. Папа прызнаўся, што задумаў сваё падарожжа ў Афрыку менавіта з жадання наведаць гэту краіну, якая спрабуе выйсці з вельмі складанага перыяду гвалтоўных канфліктаў і вялікіх пакутаў. Па гэтай прычыне Францішак пажадаў адкрыць першыя Святыя дзверы Юбілею Міласэрнасці менавіта ў яе сталіцы, Бангі.

“Я ўчыніў гэта на знак веры і надзеі для гэтага народу і як сімвалічны жэст для ўсіх самых патрабуючых падтрымкі і суцяшэння афрыканскіх народаў. Заклік Езуса да вучняў: “Пераправімся на другі бераг”, быў дэвізам у Цэнтральнай Афрыцы. “Пераправіцца на іншы бераг” у грамадскім сэнсе азначае пакінуць за плячыма вайну, падзелы, беднасць і выбраць мір, згоду і развіццё. Але гэта прадугледжвае таксама і “пераправа”, якая здзяйсняецца ў сумленнях, паводзінах і жаданнях людзей. На гэтым узроўні вызначальнай з’яўляецца апора на рэлігійныя супольнасці”, - сказаў Папа.

Францішак выказаў сваю ўдзячнасць шматлікімі місіянерам, якія адмовіліся ад усяго і часам у экстрэмальных умовах працуюць ў Афрыцы. Ён распавёў, што сустрэўся з 81-гадовай законніцай, якая мае медыцынскую адукацыю і займацца місійнай дзейнасцю на кантыненце з 23 гадоў. За гэты час яна прысутнічала пры нараджэнні 3280 дзяцей. “Усё жыццё дзеля жыцця, усё жыццё для іншых. Такіх, як гэта законніца мноства: законніц, святароў, законнікаў, якія спальваюць сваё жыццё дзеля абвяшчэння Езуса Хрыста. Цудоўна бачыць гэта”, - сказаў Папа.

Святы Айцец звярнуўся да моладзі з заклікам паразважаць аб сваіх жыццёвых мэтах і не выключаць з іх магчымасці стаць місіянерамі, каб несці любоў, чалавечнасць і веру ў іншыя краіны. 

Напрыканцы сваёй катэхезы Святы Айцец заклікаў вернікаў разам праслаўляць Бога за гэты візіт у Афрыку і кіравацца ў жыцці Яго ключавымі словамі: “Будзьце моцнымі ў веры, не бойцеся”, “Будзьце Маімі сведкамі”, “Пераправімся на іншы бераг”.








All the contents on this site are copyrighted ©.