2015-12-02 11:42:00

На ватыканскую прэм’еру запрасілі рымскіх беднякоў


У Ватыкане ў першы дзень снежня прайшоў перадпрэм’ерны паказ біяграфічнага мастацкага фільму пра папу Францішка. Прычым, быў абраны новы фармат мерапрыемства. Калі раней на такога роду паказы запрашаліся прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, журналісты, супрацоўнікі Святога Пасаду, то на гэты раз 7-тысячную Залу Паўла VI запоўнілі бедныя з усяго Рыма, пра якіх клапоціцца Папская элемазінарыя.

Cтужка італьянскага рэжысёра Даніэле Лучэці “Завіце мяне Францішкам” (Chiamatemi Francesco) заснавана на бестсэлеры “Францішак: Папа з народа” (Francisco: El Papa de la gente), які напісала журналістка аргентынскай газеты “La Nacion” Еванхеліна Хіміціан. Францішка граюць два акторы: у маладосці – Радрыга дэ ла Серна, у сталым узросце – Серхіа Эрнандэс. Фільм выходзіць у пракат 3 снежня 2015 г. і будзе паказаны больш, чым у 40 краінах свету.

На пачатку ватыканскай перадпрэм’еры выступіў аркестр Швейцарскай гвардыі, які звычайна ніколі не выступае за межамі прысягі і афіцыйных цырымоній. Гвардзейцы самі выйшлі з такой прапановай; гэта быў іх падарунак для бедных. 

Сам фільм стаў проста нагодай сабрацца разам, прызнаўся папскі элемазінарый, арцыбіскуп Конрад Краеўскі. Для бедных былі падрыхтаваны дзве тысячы пакетаў з неабходнымі для іх рэчамі, якія раздалі не толькі ў ватыканскай зале, але і разнеслі па вуліцах Рыма.








All the contents on this site are copyrighted ©.