2015-12-02 16:12:00

Адрыццё Святога Года ў фармаце звышвысокай выразнасці


2 снежня 2015 г. сталі вядомыя дэталі тэлетрансляцыі цырымоніі адкрыцця Юбілейнага Года Міласэрнасці, якая пройдзе пад старшынствам папы Францішка 8 снежня 2015 г. Падчас спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Ватыкане было заяўлена аб выкарыстанні новых тэхналагічных рашэнняў падчас прамой трансляцыі, арганізаванай Ватыканскім тэлецэнтрам ў супрацоўніцтве з Ватыканскім радыё, пры тэхнічнай падтрымцы “Sony”, “Eutelsat”, “GlobeCast” і “DBW Communication”.

Упершыню ў гісторыі папскіх урачыстасцяў тэлетрансляцыя будзе ажыццяўляцца ў “Ultra HD 4K” з фарматаваннем у рэжыме рэальнага часу ў HD і SD. Апошняе робіцца для забеспячэння патрэб тэхналагічна менш развітых вяшчальнікаў. Падчас цырымоніі 8 снежня ўнутры і звонку базылікі св. Пятра будуць працаваць 19 тэлекамер “Sony” апошняга пакалення з аб’ектывамі “Fujinon”. Дарэчы, упершыню оптыка дадзенага тыпу будзе пастаўлена ў Еўропу.

“Мы выкарыстаем усе магчымасці фармату”, - сказаў кс. Дарыё Вігано, прэфект Сакратарыята па камунікацыі. Ён падкрэсліў, што гэта робіцца, перш за ўсё, для краін, найбольш перадавых у тэхналагічным плане, а таксама для стварэння якаснага тэле-архіву. Выкарыстоўваючы фармат тэлебачання звышвысокай выразнасці Ватыканскі тэлецэнтр не спыніць перадачу сігнала стандартных фарматаў, дадаў ён. Гэта не пагоня за тэхналогіямі, але імкненне паставіць іх на службу Святому Айцу.

Кампанія “Sony” ужо на працягу многіх гадоў супрацоўнічае з Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам у сферы запісу, аднаўлення і архівавання відэа-матэрыялаў. 

Цікава, што ўвядзенне новых тэлетэхналогій у Ватыкане заўсёды супадала з важнымі гістарычнымі падзеямі, такімі як кананізацыя Яна XXIII і Яна Паўла II, беатыфікацыя Паўла VI і цяпер, адкрыццё Юбілею Міласэрнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.