2015-11-30 14:25:00

Пантыфік павіншаваў Барталамея І са святам св. Андрэя


На заканчэнне Эўхарыстыі ў Бангі Святы Айцец прывітаў Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І з нагоды свята св. Андрэя, апостала, апекуна ўсходняга хрысціянства, які адзначаецца  30 лістапада 2015 г.

Пантыфік таксама скіраваў пасланне, якое было прачытана падчас святочных урачыстасцяў у Стамбуле. У іх традыцыйна прыняла ўдзел афіцыйная дэлегацыя Апостальскай Сталіцы. Яе ўзначаліў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох.

У сваім дакуменце Папа заклікаў католікаў і праваслаўных разам прасіць прабачэння ў Бога за падзелы, якія былі нанесены Целу Хрыста. Ён заўважыў, што Год Міласэрнасці, абвешчаны ў Касцёле, можа быць цудоўнай нагодай для прабачэння і адмаўлення ад падазронасці і варожасці.

“Нават калі не ўсе адметнасці паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой пераадолены, сёння існуюць неабходныя ўмовы для шляху ў напрамку аднаўлення поўнага адзінства веры, братэрскай згоды і сакрамэнтальнага жыцця” якое існавала паміж католікамі і праваслаўнымі ў першыя гады існавання Касцёла, падкрэсліў Францішак.

“Пасля аднаўлення адносін любові і братэрства, у духу ўзаемнага даверу, павагі і любові, больш няма ніякіх перашкодаў для эўхарыстычнай еднасці, якія б немагчыма было пераадоліць праз малітву, ачышчэнне сэрцаў, дыялог і сцвярджэнне праўды”, - дадаў ён.

Папа нагадаў пра важнасць супольнай дзейнасці на карысць абароны навакольнага асяродзя і адзначыў вялікі ўклад Барталамея І ў гэтай сферы.








All the contents on this site are copyrighted ©.