2015-11-30 10:44:00

Пантыфік да моладзі: будзьце пераможцамі ў любові


Папа Францішак нагадаў моладзі Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі аб неабходнасці любові да ворагаў. Вечарам 29 лістапада 2015 г. Святы Айцец сустрэўся з удзельнікамі малітоўнага чування, якое прайшло перад катэдральных касцёлам у Бангі. Пантыфік таксама ўдзяліў сакрамэнт споведзі некаторым юнакам і дзяўчатам.

У сваёй імправізаванай прамове Папа нагадаў пра важнасць вытрываласці ў цяжкія часы войнаў і нянавісці. Жадаючым пакінуць краіну перад абліччам цяжкасцяў, ён нагадаў, што гэта не выйсце. Неабходна адважна трываць і змагацца за дабро.

Гэта, паводле Папы, можна рабіць двума спосабамі: праз штодзённую і верную малітву, а таксама дзейнасць на карысць міру. “Мір – гэта не дакумент, які падпісваецца. Ён штодзённа будуецца ўласнымі рукамі і жыццём. Мір заключаецца ў тым, каб перастаць ненавідзець”, - адзначыў Францішак і заклікаў да прабачэння.

Пазбаўленне ад нянавісці ў сэрцы і прабачэнне, паводле яго слоў, з’яўляецца гарантыяй перамогі ў самай важнай жыццёвай бітве – бітве за любоў, дзякуючы якой наступае мір. “Вы хаціце быць пераможцамі ці пераможанымі?”, - спытаў моладзь Папа. Атрымаўшы перамогу ў любові можна стаць плённымі – сеяць вакол сябе любоў і супакой, заўважыў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.