2015-11-29 17:05:00

Папа: Бог не чыніць адметнасцяў паміж пакутуючымі


Тэма “экуменізму крыві” была ўзнята Пантыфікам падчас сустрэчы з прадстаўнікамі пратэстанскіх супольнасцяў у Бангі. 29 лістапада 2015 г. Святы Айцец наведаў тэалагічны факультэт Евангелічнага Альянсу Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі. “Мы знаходзімся тут на службе аднаму і таму ж уваскросламу Пану, які нас збірае сёння; і ў сілу супольнага хросту, які атрымалі, мы пакліканы абвяшчаць радасць Евангелля людзям гэтай дарагой краіны Цэнтральнай Афрыкі”, - сказаў Папа.

Святы Айцец нагадаў пра шматлікія выпрабаванні і насілле, якім на працягу доўгага часу падвергнута мясцовае насельніцтва. Гэта, паводле слоў Пантыфіка, робяць абвяшчэнне Евангелля яшчэ больш неабходным і важным, таму што гэта “само цела Хрыста пакутуе ў Яго ўмілаваных членах: у бедных Яго народу, хворых, пажылых і пакінутых, дзецях, якія больш не маюць бацькоў і якія пакінуты самі сабе, без кіраўніцтва і выхавання”. “Гэта таксама ўсе тыя, каму насілле і нянавісць паранілі душу і цела; тыя, каго вайна пазбавіла ўсяго, працы, дому, дарагіх людзей”, - дадаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што Бог не робіць адметнасцяў паміж тымі, хто пакутуе. “Усе нашы супольнасці, без разбору пакутуюць ад несправядлівасці і сляпой нянавісці, якую выклікае злы”, - сказаў Пантыфік і запэўніў у сваёй блізкасці ў сувязі з разбурэннем і падпалам сядзібы адной з мясцовых евангелічных супольнасцяў.

Нягледзячы ні на што, Пан не перастае запрашаць сваіх вучняў сведчыць усім аб Яго пяшчоце, спагадзе і міласэрнасці. Гэтыя супольныя пакуты і супольная місія, паводле слоў Францішка, з’яўляюцца нагодай для хрысціян, каб крочыць у напрамку адзінства і разам клапаціцца пра пакутуючых.

“Дарагія сябры, падзел паміж хрысціянамі – гэта скандал, таму што, у першую чаргу, супярэчыць волі Пана. Ён таксама з’яўляецца скандалам перад абліччам вялікай нянавісці і насілля, якія раздзіраюць чалавецтва, перад абліччам шматлікіх бар’ераў, якія паўстаюць перад Евангеллем Хрыста”, - сказаў Пантыфік і заклікаў працягваць супольнае служэнне патрабуючым, што з’яўляецца сведчаннем аб Пану і складае адзінства.








All the contents on this site are copyrighted ©.