2015-11-29 14:53:00

Пантыфік наведаў лагер для бежанцаў у Бангі


"Мы ўсе з’яўляемся братамі і таму жадаем і патрабуем міру", - адзначыў папа Францішак у сваім кароткім прывітанні для бежанцаў, якіх наведаў 29 лістапада 2015 г. ў адмысловым лагеры на ўскраіне сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Бангі. Сустрэча прайшла ў радаснай атмасферы, а жыхары структуры прынялі высокага госця з вялікім энтузіязмам.

З’яўленне Пантыфіка выклікала вялікае ажыўленне сярод людзей, якія на працягу доўгага часу чакалі яго ўздоўж дарогі. Пасля ўваходу на тэрыторыю лагера Францішак прывітаў прысутных там біскупаў, святароў, законніц і прадстаўнікоў уладаў. Ён падыйшоў да групы дзяцей, іх бацькоў і апекуноў, каб паціснуць ім рукі, благаславіць і коратка паразмаўляць з некаторымі з іх.

Затым Святога Айца прывітала прадстаўніца кіраўніцтва лагера. Яна выказала падзяку Францішку за наведванне структуры і запэўніла ў намаганнях, якія прыкладаюцца на карысць міру. Была выказана таксама надзея на тое, што візіт Папы дапаможа ў дасягненні гэтай мэта.

У сваёй кароткай прамове Пантыфік сардэчна прывітаў усіх прысутных і заўважыў, што людзі, якія патрапілі ў лагер знайшлі супакой і мінімальныя  ўмовы для жыцця. Францішак заклікаў усіх маліцца аб міры і рабіць усё для яго дасягнення. Мір не магчымы, калі няма любові, прабачэння, сяброўства і паяднання. “Гэтага я жадаю ўсяму народу вашай краіны – вялікага і трывалага міру, каб маглі ў ёй жыць, незалежна ад этнічнай, моўнай, рэлігійнай прыналежнасці, незалежна ад перакананняў, паколькі ўсе мы з’яўляемся братамі і таму маем права жыць у супакоі”, - сказаў Папа.

На заканчэнне свайго візіту Святы Айцец папрасіў маліцца за яго і ўдзяліў сабраным благаслаўленне. 








All the contents on this site are copyrighted ©.