2015-11-28 10:34:00

Францішак аддаў пашану экуменізму крыві ва Угандзе


Папа Францішак 28 лістапада 2015 г. узначаліў Эўхарыстыю ў каталіцкім санктуарыі Намугонга ў сталіцы Уганды, Кампале. Яна была прымеркавана да 50-годдзя кананізацыі св. Каралі Лванга і яго паплечнікаў, забітых падчас антыхрысціянскага пераследу, напрыканцы ХІХ ст. 

Перад літургіяй Святы Айцец наведаў англіканскі санктуарый, які знаходзіцца непадалёку. Тут ён прыняў удзел у адкрыцці памятнай дошкі ў памяць аб мучаніках гэтай канфесіі, якія аддалі жыццё за веру разам са сваімі братамі католікамі. Францішак правёў тут некаторы час у супольнай малітве з мясцовым англіканскім архіепіскапам. 

Добраахвотнае сведчанне гэтых мучанікаў, многія з якіх былі зусім маладымі, дасягнула “крайніх межаў зямлі”. Гэта вялікая спадчына, якая не павінна захоўвацца ў музеі, але распаўсюджвацца паўсюль, адзначыў Папа ў сваёй гаміліі.

Паводле Францішка, сапраўдную пашану памяці мучанікаў, а таксама ўсім святым, вернікі аддаюць, калі дзеляцца сведчаннем аб Хрысце са сваімі блізкімі, на месцах сваёй працы і ў грамадстве, а таксама калі нясуць яго ў розныя куткі свету.

Папа заўважыў, што дар Святога Духа, які атрымалі, вернікі не могуць захоўваць выключна для сябе. Неабходна, як св. Каралі Лванга і яго паплечнікі, пасля таго як былі выхаваны ў веры, перадаваць яго іншым, нават у небяспечныя часы. Іх сведчанне прамаўляе таксама і сёння. Яно абвяшчае Хрыста і моц Крыжа, сказаў Папа.

“Пад пагрозай знаходзілася не толькі іх жыццё, але і жыццё больш маладых юнакоў, давераных іх клопату (...) Яны не баяліся несці Хрыста іншым, нават коштам уласнага жыцця. Іх вера станавілася сведчаннем. Сёння яны ўшаноўваюцца як мучанікі, а іх прыклад працягвае натхняць мноства людзей у свеце”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заклікаў вернікаў станавіцца місійнымі вучнямі Хрыста, як для сваіх сяброў, так і для тых, хто адносіцца да іх з варожасцю. Такая адкрытасць на іншых пачынаецца з сям’і – школы любові і міласэрнасці, і праяўляецца ў клопаце пра пажылых людзей, бедных, удоваў і сіротаў.

Сведчанне мучанікаў, сказаў Папа на заканчэнне сваёй гаміліі, дэманструе, што не задавальненні гэтага свету ці зямная ўлада, але вернасць Богу, сумленнасць, усебаковае жыццё, сапраўдны клопат пра дабро іншых, даюць радасць і трывалы супакой.








All the contents on this site are copyrighted ©.