2015-11-27 16:45:00

Святы Айцец: душа народа выяўляецца ў клопаце пра бедных


“Свет глядзіць на Афрыку, як на кантынент надзеі”, - адзначыў Папа Францішак 27 лістапада 2015 г. падчас сустрэчы з уладамі і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса ва Угандзе. Пантыфік звярнуў увагу на шэраг важных выклікаў: патрэбу ў рашучых намаганнях для вырашэння міграцыйнага пытання, сацыяльных праблем і глабальнай “культуры адкідання”.

Пантыфік нагадаў пра адну з галоўных мэт свайго візіту ва Уганду – ушанаванне памяці мясцовых каталіцкіх і англіканскіх мучанікаў, кананізаваных 50 гадоў таму. Папа выказаў перакананне, што яны служаць напамінам аб важнасці веры і ўсеагульным пакліканні да пошуку праўды, справядлівасці і прымірэння. Сёння ж прыкладам гэтых высокіх ідэалаў павінны служыць улады краіны, заданне якіх заключаецца ў забеспячэнні добрага кіравання, усебаковага развіцця грамадства, мудрага размеркавання рэсурсаў.

“Уганда – сапраўды благаславёная зямля, шчодра адораная прыроднымі рэсурсамі, якімі вы пакліканыя распараджацца як адказныя ахоўнікі”, - сказаў Пантыфік. Яшчэ большым дарам для краіны, на думку Папы, з’яўляецца яе народ: моцныя сем’і, моладзь і пажылыя людзі. Важна падараваць ім надзею, даць магчымасць атрымліваць належную адукацыю і мець працу, якая будзе аплачвацца, забяспечыць умовы для паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства.

Святы Айцец адзначыў надзвычайныя намаганні Уганды ў вырашэнні эміграцыйных праблем. Краіна прымае бежанцаў, дазваляе ім нанова будаваць жыццё ва ўмовах бяспекі і адчуваць сваю чалавечую годнасць дзякуючы магчымасці сумленна працаваць і мець заробак.

“Наш свет, пазначаны вайной, жорсткасцю і рознымі формамі несправядлівасці, з’яўляецца сведкам небывалага міграцыйнага руху. Тое, як мы на гэта рэагуем, становіцца праверкай нашай гуманнасці, паважлівага стаўлення да чалавечай годнасці, але перш за ўсё, нашай салідарнасці з братамі і сёстрамі ў патрэбе”, – падкрэсліў Францішак.

Пантыфік выказаў занепакоенасць “культурай адкідання”, якая набыла глабальны характар і робіць людзей сляпымі на духоўныя каштоўнасці, абыякавымі да патрэбаў іншых, а моладзь пазбаўляе надзеі. На думку Святога Айца, у памкненнях дапамагаць бедным, хворым і абяздоленым выяўляецца сапраўдная душа народа.








All the contents on this site are copyrighted ©.