2015-11-24 11:38:00

Францішак выступіць у якасці аўтара дзіцячай кнігі


Выдавецтва “Loyola Press” з Чыкага ў ЗША апублікуе першую і пакуль адзіную кнігу для дзяцей, напісаную цяперашнім Пантыфікам. “Дарагі папа Францішак, я хацеў бы з’есць з табой падвячорак” – так называецца выданне – з’явіцца ў сакавіку 2016 г. і будзе ўтрымліваць асабістыя адказы Святога Айца на 31 ліст, напісаны яму дзецьмі ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў з усяго свету. Яно з’явіцца ў ЗША адразу ў двух моўных версіях, англійскай і іспанскай.

Але на гэтым праект не завершыцца, праз некаторы час кніга будзе апублікавана адначасова ў Італіі, Іспаніі, Мексіцы, Польшчы, Інданэзіі, Індыі і на Філіпінах, а затым і ў Албаніі, Сірыі, Кітаі і Кеніі – усяго ў 26 краінах, гаворыцца ў заяве выдавецтва “Loyola Press”. 

У кнізе ўздымаюцца многія тэмы і праблемы. Дзеці пытаюцца пра асабістае жыццё Папы, дзеляцца сваёй марай сустрэцца з ім асабіста. Гучаць нават пытанні сацыяльнага і тэалагічнага зместу. Адказы Францішка ўдумлівыя і матывуючыя, гаворыцца ў рэлізе “Loyola Press”. Кніга – гэта яшчэ адно пацверджанне меркавання Папы, што дзеці з’яўляюцца будучым Касцёла і грамадства, таму іх трэба слухаць і чуць.








All the contents on this site are copyrighted ©.