2015-11-23 14:39:00

Святы Айцец пра “ўдоўства” Касцёла


Біблійная бедная ўдава, якая кінула ў скарбонку дзве лепты, стала “героем” гаміліі Святога Айца, якую ён прамовіў 23 лістапада 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Яна паказала прыклад поўнага даверу да Бога. “Я хацеў бы бачыць у евангельскіх удовах вобраз Касцёла, які чакае вяртання Езуса”, - прызнаўся Пантыфік. “Касцёл, калі ён верны, пакідае ўсё, чакаючы свайго Пана. Але, калі Касцёл не верны ці не да канца верны ў любові да свайго Пана, ён спрабуе справіцца з дапамогай іншых рэчаў, засцерагчыся – больш мірскіх, чым Божых”, - дадаў ён.
 
Францішак адзначыў, што евангельскія ўдовы нясуць нам прыгожае пасланне Езуса аб Касцёле. Ён нагадаў, што “ўдоўства” Касцёла тычыцца факту нашага чакання на прыйсце Хрыста. Папа дадаў, што Касцёл можа быць верным, упэўнена чакаючы вяртання Жаніха, але і няверным гэтаму “ўдоўству”, шукаючы бяспекі ў іншых сродках... Касцёлам летнім, Касцёлам нявызначаным, мірскім. 

Пантыфік заклікаў вернікаў падумаць пра свае душы, шукаць бяспекі толькі ў Богу. “У гэтыя апошнія дні літургічнага года варта нам задумацца аб нашай душы: ці яна такая, як Касцёл, які прагне Езуса, ці наша душа звяртаецца да свайго Абранніка і кажа: “Прыйдзі, Пане Езу! Прыйдзі!”; і ці мы пакідаем у баку ўсе тыя рэчы, якія нам не патрэбны, якія не дапамагаюць быць вернымі”, - завяршыў сваю гамілію ў капліцы Дому св. Марты Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.