2015-11-23 14:04:00

Пантыфік скіраваў відэа-пасланні да жыхароў Афрыкі


За некалькі дзён да свайго афрыканскага падарожжа, папа Францішак скіраваў два відэа-пасланні да жыхароў краін, якія збіраецца наведаць. У першым звароце, да вернікаў Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Пантыфік падкрэсліў, што “мэта яго візіту, перш за ўсё, прынесці ў імя Езуса суцяшэнне і надзею”. Ён спадзяецца, што візіт “паспрыяе ў той ці іншай меры гаенню ран і адкрыццю лепшай будучыні для Цэнтральнай Афрыкі і ўсіх яе жыхароў”.

Папа нагадаў тэму падарожжа: “Пераправімся на іншы бераг” і заўважыў, што яна запрашае хрысціянскія супольнасці глядзець наперад і аднавіць свае адносіны з Богам і братамі, “каб пабудаваць больш справядлівы і братэрскі свет”. “Прыходжу да вас як пасланнік міру. Я зацікаўлены ў падтрымліванні міжрэлігійнага дыялогу, спрыянні мірнаму суіснаванню ў вашай краіне. Ведаю, што гэта магчыма, таму што мы ўсе браты”, - сказаў Пантыфік вернікам Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі.

Іншае відэа-пасланне Францішак скіраваў народам Кеніі і Уганды. “Я прыходжу, як слуга Евангелля, каб абвяшчаць любоў Езуса Хрыста і яго пасланне прымірэння, прабачэння і спакою”, - прызнаўся ён і дадаў, што візіт накіраваны таксама “на ўмацаванне каталіцкай супольнасці ў глыбокай пашане да Бога і сведчанні Евангелля, якое гаворыць пра годнасць кожнага мужчыны і жанчыны, і патрабуе ад нас адкрытасці сэрца для іншых, асабліва бедных і маючых патрэбу”.

Святы Айцец падзякаваў асобам, якія працуюць над падрыхтоўкай яго падарожжа і папрасіў аб малітве.








All the contents on this site are copyrighted ©.