2015-11-22 12:34:00

Дыяцэзіі Беларусі ўзгаднілі праграмы на Год Міласэрнасці


Юбілейны Год Міласэрнасці Касцёл у Беларусі будзе перажываць з насычанай праграмай набажэнстваў, сустрэч і мерапрыемстваў. Усе дыяцэзіі ўжо падрыхтавалі і апублікавалі свае праграмы Юбілею. Адной з цэнтральных падзей стануць агульнабеларускія святкаванні ў Будславе. Таксама Мінска-Магілёўская мітраполія і Гродзенская дыяцэзіі адзначаць юбілеі свайго заснавання ў рамках юбілею вялікага. У плане і сустрэчы святароў, кансэкраваных асоб, міністрантаў, моладзі, малітоўных груп, сем’яў.

А пачнецца Год Міласэрнасці ў Беларусі 13 снежня, калі Святыя Дзверы адкрыюць усе катэдры і важныя касцёлы краіны. Трэба нагадаць, з Надзвычайным Юбілейным Годам Міласэрнасці звязаны адпусты. Каб атрымаць адпуст, вернікі павінны зрабіць кароткую пілігрымку да Святых Дзвярэй, адчыненых у катэдрах або касцёлах, вызначаных дыяцэзіяльным біскупам, або, калі ёсць такая магчымасць, у чатырох папскіх базыліках у Рыме, у знак глыбокага імкнення да сапраўднага навяртання. Важна, каб гэты момант быў звязаны, у першую чаргу, з сакрамэнтам паяднання і ўдзелам у св. Імшы, а таксама з разважаннем пра міласэрнасць. Трэба, каб гэтыя практыкі суправаджаліся вызнаннем веры і малітвай за Папу і ў яго інтэнцыях.

У спецыяльнай буле на Год Міласэрнасці Святы Айцец падкрэсліў, што гэта час даравання правінаў і крыўдаў сваім бліжнім. Сённяшні чалавек часта спасылаецца на справядлівасць і зусім забываецца пра міласэрнасць. Усюды, дзе ёсць хрысціяне, павінен быць “аазіс міласэрнасці”.

У Беларусі атрымаць адпуст можна будзе, прайшоўшы праз Святыя Дзверы ў мінскім архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі, у катэдрах Віцебска, Гродна і Пінска, у касцёлах Магілёва, Гомеля, Ліды, Брэста, Пінска, Баранавічаў, у санктуарыях у Будславе і Браславе.

Агульнарэспубліканская праграма перажывання Году Міласэрнасці – пасля ўрачыстага адкрыцця Святых Дзвярэй – пачнецца 19 студзеня 2016 г. з агульнабеларускага святкавання для душпастыраў і працаўнікоў санктуарыяў. Сустрэча пройдзе ў Тракелях. А ўжо 4 лютага - у свята Ахвяравання Пана – у архікатэдры адбудзецца юбілейнае спатканне для кансэкраваных асоб і завяршэнне Года кансэкраванага жыцця. 5-6 сакавіка ў касцёлах краіны пройдзе набажэнства “24 гадзіны для Пана”, спалучанае з сакрамэнтам пакаяння і моладзевым чуваннем.

Далей, 17 красавіка, у Пінску адзначаць Нядзелю Добрага Пастыра агульнабеларускім святкаваннем Юбілейнага Года для навучэнцаў вышэйшых духоўных семінарый. А 13-15 мая ў Баранавічах пройдзе Кангрэс сямейных рухаў.

Праз колькі дзён, 24-26 мая, адбудзецца яшчэ адна агульнабеларуская падзея – ў Гродна пройдзе Эўхарыстычныы кангрэс Божай міласэрнасці і святкаванне 25-годдзя заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама біскупскай сакры Біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча. А ў Браславе 2 чэрвеня збяруцца святары з усёй Беларусі на свае урачыстасці ў рамках Юбілейнага Года. Праз месяц, 1-2 ліпеня, урачыстасці ў гонар Маці Божай збяруць тысячы вернікаў у Будславе. Тут адзначаць 25-годдзе заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі.

11-13 жніўня ў Лідзе запланавана Агульнабеларуская малітоўная сустрэча моладзі, а 10-11 верасня – сустрэча сем’яў з усёй краіны, яна адбудзецца ў Браславе. Святыя Дзверы катэдры, санктуарыі і касцёлы Беларусі зачыняць 13 лістапада 2016 г.

Што тычыцца Пінскай дыяцэзіі, то тут Святыя Дзверы на працягу Года Міласэрнасці будуць адкрыты ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, у касцёлах Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце і Баранавічах, а таксама ў касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі.

Малітоўная сустрэча моладзі Пінскай дыяцэзіі запланавана ў Баранавічах на 19 сакавіка, а ў Гомелі – на 23 красавіка. 29 мая пройдуць працэсіі Божага Цела ў Пінску, Брэсце, Баранавічах і Гомелі. Яшчэ адной адметнасцю праграмы Пінскай дыяцэзіі стане Дыяцэзіяльная пілігрымка ў санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне 17-19 жніўня.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.