2015-11-21 11:13:00

Епіскапат Германіі запрасіў Францішка наведаць краіну


У рамках завершанага візіту „ad limina Apostolorum”, старшыня нямецкага епіскапату, кардынал Рэйнхард Маркс запрасіў папу Францішка наведаць Берлін і іншыя гарады Германіі. Інфармуючы аб гэтым, арцыбіскуп Мюнхенска-Фрайзінгскі не захацеў раскрываць, калі можа адбыцца візіт, і сказаў толькі, што не ўяўляе сабе, каб ён мог прыпасці на Год Рэфармацыі ў 2017 г.

“Моцным сігналам” іерарх назваў падарунак Папы лютэранскай супольнасці Рыма ў мінулую нядзелю. Падараванне літургічнага келіху – гэта жэст, які сведчыць аб неабходнасці адзінства, прычым, ён больш вымоўны, чым любыя агульныя заўвагі душпастырскага парадку, што датычаць магчымай супольнасці стала, заявіў кардынал Маркс.

Яшчэ адной тэмай размовы нямецкіх біскупаў з Папам стаў Год Міласэрнасці, які пачынаецца ў Касцёле праз крыху больш чым два тыдні. Святы Айцец быў вельмі зацікаўлены тым, як Юбілей будзе праходзіць у асобных дыяцэзіях. Але, вядома, адмысловай мэтай юбілейных пілігрымаў стане Рым, нават у цяперашняй напружанай сітуацыі, пасля тэрарыстычных актаў у Парыжы, сказаў кардынал Маркс.








All the contents on this site are copyrighted ©.