2015-11-21 09:22:00

Ватыканскі дыпламат пра адказнасць мусульманскіх лідэраў


У трываючай барацьбе з тэрарызмам асаблівая адказнасць ляжыць на мусульманскіх рэлігійных лідэрах, якія павінны рашуча і адназначна асудзіць выкарыстанне рэлігіі для апраўдання насілля. У гэтым перакананы арцыбіскуп Пол Галахер, сакратар Святога Пасаду па адносінах з дзяржавамі.

Іерарх нагадаў таксама, што Апостальская Сталіца заўсёды выказвалася на карысць “дыялогу і перамоў”, але адначасова адзначыў, што цяжка рабіць гэта з кімсьці накшталт прадстаўнікоў тэрарыстычнай арганізацыі “Ісламская дзяржава”, якія не паважаюць нікога, не прызнаюць годнасці другога боку і пашыраюць фундаменталізм.

Тэракты ў Парыжы арцыбіскуп Галахер назваў злачынствам, якое не можна нічым апраўдаць. Гэта азначае, што ўвесь свет павінен аб’яднаць свае намаганні і прыняць усе магчымыя меры па барацьбе з тэрарызмам. Гэта адказнасць ляжыць не толькі на палітыках, але і рэлігійных лідэрах. На гэта звярнуў увагу і папа Францішак, які сказаў нядаўна, што па прычыне “трэцяй сусветнай вайны ў частках” у многіх краінах людзі пакутуюць і аплакваюць сваіх блізкіх.








All the contents on this site are copyrighted ©.