2015-11-20 13:37:00

Святы Айцец: Касцёл павінен быць свабодным ад духа марнасці


Папа Францішак нагадаў, што Касцёл павінен быць свабодным ад грошай і ўлады, а таксама ад культу “святога хабару”. Аб гэтым Пантыфік казаў 20 лістапада 2015 г. у сваёй гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

Пантыфік звярнуў увагу на радасць Народу Божага з прычыны ачышчэння святыні ад духу марнасці і яе пасвячэння пасля апаганьвання язычнікамі, пра што гаворыцца ў літургічным чытанні з Першай кнігі Макабеяў. Дух марнасці прысутнічае таксама і ў евангельскім урыўку, але ў іншым вобразе: гандляроў, якіх выгнаў Езус.   

“Святыня – гэта ікона Касцёла. Касцёл заўсёды – заўсёды! – будзе падвяргацца спакусе марнасці і ўлады, якой Езус Хрыстус не жадаў для яго”, - сказаў Папа. Калі Касцёл паддаецца ім, пачынаецца прасэс яго заняпаду, канец якога вельмі кепскі, дадаў ён.

У Касцёле заўсёды прысутнічае спакуса карупцыі, перакананы Святы Айцец. Замест таго, каб быць прывязаным да вернасці Хрысту – Пану супакою, радасці, збаўлення – ён прывязваецца да ўлады і грошай. Менавіта пра гэта кажа Евангелле: першасвятары і кніжнікі былі прывязаны да грошай, улады і каб апраўдаць сябе замянілі дух свабоды Пана на строгасць у выкананні прадпісанняў. У выніку людзі згубілі здольнасць радавацца і праслаўляць Бога.

Пантыфік заўважыў, што Езус выгнаў са святыні не кніжнікаў і першасвятароў, але дзяльцоў, якія зараблялі там грошы. Першыя аднак, былі звязаны з імі праз “святы хабар” – атрымлівалі частку іх прыбытку. Менавіта па гэтай прычыне жадалі смерці Езуса, моцнага сваім словам, сведчаннем і любоўю.

“Дзе ёсць Езус – няма месца марнасці, няма месца карупцыі! Гэта бітва кожнага з нас, гэта штодзённая бітва Касцёла: заўсёды Езус, заўсёды з Езусам, заўсёды ўважлівыя да Яго вуснаў, каб чуць Яго слова; і ніколі не шукаць рэчаў іншага гаспадара. Езус казаў нам, што нельга служыць двум гаспадарам: ці Богу, ці багаццям; ці Богу ці ўладзе”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Напрыканцы гаміліі Францішак заклікаў маліцца за Касцёл, а таксама за шматлікіх мучанікаў, якія сёння, каб не ўвайсці ў гэты дух марнасці, дух панавання адзінай думкі, дух вераадступніцтва – пакутуюць і паміраюць.     








All the contents on this site are copyrighted ©.