2015-11-20 15:49:00

Папа: вернікі не павінны плаціць за неўрозы святароў


Святар не з’яўляецца строгім “душпастырскім работнікам”, але чалавекам, які заўсёды блізкі да людзей, адзначыў папа Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў канферэнцыі на тэму паклікання, тоеснасці і місіі святароў, якая прайшла ў Рыме па ініцыятыве Кангрэгацыі па справах Духавенства.

Пантыфік падкрэсліў, што святары павінны быць “апосталамі радасці” Евангелля, а не функцыянерамі, якія шукаюць прыватнай прасторы, адасобленай ад народу. Ён нагадаў, што святары выбіраюцца Богам менавіта з людзей і ставяцца ім на службу.

“Святар – гэта чалавек, які нараджаецца ў пэўным чалавечым кантэксце; у ім набывае першыя каштоўнасці, упітвае ў сябе духоўнасць народа, прызвычайваецца да адносін. Таксама і святары маюць гісторыю. Яны не з’яўляюцца “грыбамі”, якія раптоўна ўзнікаюць у катэдры ў дзень свайго пасвячэння”, - сказаў Папа.

Святы Айцец пажадаў, каб святары не дазвалялі сваім недахопам панаваць над сабой, але рабілі плённымі ўласныя таленты. Святар павінен быць чалавекам прыміраным, здольным распаўсюджваць супакой вакол сябе, перадаючы прыгажосць адносін з Панам. Нядобра калі святар часта бывае сумным, нервовым ці мае цвёрды характар. Гэта кепска, як для святара, так і для людзей. “Калі ласка, няхай вернікі не расплочваюцца за неўрозы святароў. Не бічаваць вернікаў, але мець да іх сардэчную блізкасць”, - заклікаў Святы Айцец. 

Святары не павінны захоўваць сябе як працаўнікі душпастырскай і евангелізацыйнай отраслі, якія добра робяць сваю справу, а потым ідуць жыць уласным жыццём. Святарамі становяцца, каб быць сярод людзей. Папа таксама крытычна выказаўся ў адрас біскупаў, якія праводзяць мала часу ў сваёй дыяцэзіі і шмат пажарожнічаюць па свеце. 

Асаблівую ўвагу Францішак звярнуў на выхаванне семінарыстаў. Ён распавёў гісторыю пра тое, як аддаў на аналіз псіхіятру тэсты некаторых навіцыяў, і тая заўважыла, што сярод іх былі асобы, якія па прычыне ўласнай псіхічнай уразлівасці падсвядома шукалі бяспекі ў “моцных інстытутах”, якімі акрамя духавенства, могуць быць таксама паліцыя і войска.

Пантыфік заклікаў святароў знаходзіцца цалкам у распараджэнні людзей і нагадаў пра некаторых сваіх знаёмых, якія па першым тэлефанаванні, нават ноччу, уставалі і ехалі да людзей, каб удзяляць сакрамэнты. “Ніхто не паміраў без сакрамэнтаў”, - сказаў Папа. Гэта, на яго думку, называецца сапраўдным апостальскім запалам. 








All the contents on this site are copyrighted ©.