2015-11-20 12:23:00

Папа аб важнасці інфармавання пра праблемы клімату


Папа Францішак прывітаў удзельнікаў міжнароднага форума па інфармаванні аб праблемах навакольнага асяроддзя, які распачаў сваю працу 19 лістапада 2015 г. у італьянскім горадзе Рыеці. Мерапрыемства аб’яднала дзесяткі экспертаў па клімаце і ўстойлівым развіцці, навукоўцаў, эканамістаў, студэнтаў, а таксама каля сотні журналістаў, якія спецыялізуюцца на экалагічнай тэматыцы. Адной з мэтаў сустрэчы з’яўляецца распрацоўка стратэгіі інфармавання аб кліматычных праблемах і важнасці аховы навакольнага асяроддзя.

У тэлеграме Пантыфіка, скіраванай за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, гаворыцца, што “падобныя ініцыятывы дапамагаюць усвядоміць агульную адказнасць за ахову створанага Богам сусвету”. Святы Айцец заклікаў да супрацоўніцтва ў справе інфармавання палітычных устаноў і грамадскасці адносна пытанняў клімату, каб распаўсюджваліся ўстойлівыя з чалавечага і экалагічнага пункту гледжання стылі жыцця і каб “эканамічная сістэма магла забяспечыць паўнавартасную рэалізацыю кожнага чалавека і сапраўднае развіццё створанага Богам наваколля”.

Адным з арганізатараў міжнароднага форума выступіла Папская Рада па справах сям’і. Ён праходзіць напярэдадні парыжскай канферэнцыі ААН па праблемах клімату.








All the contents on this site are copyrighted ©.