2015-11-20 14:37:00

Пантыфік пра прыярытэты для Касцёла ў Германіі


20 лістапада 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане нямецкіх біскупаў, якія прыбылі ў Рым у рамках візіту “ad limina Apostolorum”.Найбольш востра ў пасланні, якое Папа ўрычыў іерархам, прагучала тэма бежанцаў, вымушаных шукаць у краінах Еўропы паратунку ад вайны і пераследу. Пантыфік падкрэсліў вялікі ўнёсак Касцёла і асобных жыхароў Германіі ў вырашэнне гэтай праблемы і заклікаў надалей адважна адказваць на выклікі сучаснасці.

Папа прааналізаваў становішча Каталіцкага Касцёла ў Германіі, якое, з аднаго боку абнадзейвае сваёй актыўнай пазіцыяй у сацыяльнай, гуманітарнай і адукацыйнай сферах, з іншага, выклікае занепакоенасць спадам рэлігійнай актыўнасці насельніцтва, нават у традыцыйна каталіцкіх рэгіёнах краіны. Святы Айцец назваў відавочным паслабленне каталіцкай веры ў Германіі: усё менш нямецкіх вернікаў наведвае нядзельную св. Імшу; знікае належнае стаўленне да сакрамэнтаў, асабліва споведзі, канфірмацыі і сужэнства.

Па словах Святога Айца, каб выйсці з гэтай сітуацыі неабходна пазбаўляцца абыякавасці і браць прыклад з жыцця першых хрысціян, якія прапаведавалі Евангелле моцай Божага Слова. Важна пазбягаць “інстытуцыялізацыі” Касцёла. “З’яўляюцца ўсё новыя структуры, у якіх, аднак, не хапае сапраўдных вернікаў”, - адзначыў Папа і дадаў, што “Каталіцкі Касцёл – не закрытая сістэма”. Ён жывы, бо “мае Цела, якое рухаецца, расце, адчувае эмоцыі – Цела Езуса”.

Актуальнай праблемай Папа лічыць “душпастырскае навяртанне”. Задача сучаснага Касцёла – выпрацоўваць усё больш місійны характар, нягледзячы на тое, што сучасны свет гэтаму не спрыяе. Вера павінна падштурхоўваць да малітвы і канкрэтных учынкаў, каб “адкрыць новыя шляхі і формы катэхізацыі і такім чынам дапамагчы маладым людзям і сем’ям нанова спазнаць сапраўднасць і радасць супольнай веры Касцёла.

У парафіяльных супольнасцях, на думку папы Францішка, неабходна ўзнаўляць асаблівае стаўленне да сакрамэнтаў пакаяння і паяднання. “Праз споведзь пачынаецца перамена кожнага верніка і рэформа Каталіцкага Касцёла”, - падкрэсліў Пантыфік. Касцёл павінен быць “адвакатам жыцця” і бараніць яго ад моманту зачацця да натуральнай смерці. У гэтым пытанні кампрамісы недапушчальныя. 

“Якія глыбокія раны мае наша грамадства па прычыне таго, што адкідае слабых і безабаронных – ненароджаных дзяцей, хворых і пажылых людзей! Усе мы адчуем смутныя вынікі такіх паводзін”, перасцярог Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.