2015-11-20 11:44:00

Пантыфік не баіцца за сваю бяспеку ў Афрыцы


Папа Францішак прыбудзе ў Афрыку ў якасці пасланніка супакою і прымірэння. 19 лістапада 2015 г. у Ватыкане адбылася прэзентацыя яго візіту ў Кенію, Уганду і Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку. Ён пройдзе 25-30 лістапада 2015 г. і стане адзінаццатым Апостальскім падарожжам Святога Айца. 

Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі падкрэсліў, што Францішак не звяртае вялікай увагі на пытанні сваёй бяспекі. Яго больш хвалюе лёс людзей, з якімі ён будзе сустракацца. Трагічныя падзеі ў Францыі не паўплывалі на планы падарожжа Папы і ва ўсіх трох краінах ён будзе карыстацца адкрытым папа-мабілем. У той жа час кс. Ламбардзі заўважыў, што ў залежнасці ад сітуацыі планы Святога Айца, канешне, могуць змяняцца.

Першым пунктам візіту Пантыфіка стане сталіца Кеніі, Найробі. Сярод іншага, тут ён выступіць у штаб-кватэры Праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЭП), наведае сталічныя трушчобы, сустрэнецца з кенійскай моладзю, прадстаўнікамі розных веравызнанняў і канфесій і ўзначаліць Эўхарыстыю.

27 лістапада Францішак прыбудзе ва Уганду. У сталіцы краіны – Кампале – ён будзе цэлебраваць св. Імшу ў інтэнцыі мясцовых мучанікаў – католікаў і англіканаў, а таксама наведае езуіцкі дабрачынны цэнтр, сустрэнецца з моладзю і прадстаўнікамі розных рэлігій. Кс. Ламбардзі заўважыў, што ў Кеніі дзейнічае 288 каталіцкіх медыцынскіх устаноў.  

На 29 лістапада запланаваны візіт Святога Айца ў сталіцу Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, Бангі. Акрамя Эўхарыстыі на мясцовым стадыёне, Папа плануе наведаць галоўную сталічную мячэць і лагер бежанцаў. Кульмінацыйным момантам прабывання Папы ў гэтай краіне стане адкрыццё Святых дзвярэй у катэдральным касцёле ў Бангі, з нагоды Юбілейнага Году Міласэрнасці.

Ва ўсіх трох афрыканскіх краінах Францішак сустрэнецца з Прэзідэнтамі і прадстаўнікамі дыпламатычнага корпуса. 30 лістапада ён вярнецца ў Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.