2015-11-19 15:25:00

Францішак асудзіў пошук фізічнай дасканаласці любым коштам


Блізкасць да бліжняга павінна быць вышэй за нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя бар’еры, адзначыў Святы Айцец 19 лістапада 2015 г., прымаючы на аўдыенцыі ў Ватыкане каля 550 удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі на тэму культуры аховы здароўя. Форум арганізаваны Папскай радай пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. 

Францішак нагадаў, што сёлета адзначаецца 20-я гадавіна выдання энцыклікі св. Яна Паўла ІІ “Evangelium vitae” – дакумента, які заахвочвае да павагі да жыцця праз адкрытасць, спачуванне, прабачэнне і клопат пра пакутуючых целам і духам.

З нагоды набліжэння Юбілейнага Году, Пантыфік заклікаў удзельнікаў ватыканскага форума станавіцца каналамі і сведкамі міласэрнасці і, наследуючы прыклад Езуса, быць блізка да хворых, грэшнікаў, маргіналізаваных, бедных і чужынцаў, як вучыць евангельская прыпавесць пра Добрага Самараніна.

Пануючая, як у багатых, так і ў бедных краінах “культура выкідання на ўзбочыну” не прымае гэтых людзей, што дэманструе яе нехрысціянскую прыроду. Гэта культура не паходзіць ад Езуса, заўважыў Папа і назваў яе “утылітарысцкай”, бо яна глядзіць на людзей праз прызму магчымасці іх выкарыстання для грамадства і эканомікі. 

З такой ментальнасцю, паводле Францішка, звязана і “медыцына жаданняў”, якая ўсё больш распаўсюджваецца ў багатых краінах і характарызуецца пошукам фізічнай дасканаласці любым коштам, ілюзіяй вечнай маладосці. Хто не адпавядае гэтым крытэрыям, разглядаецца толькі ў якасці цяжару і праблемы. 

Папа звярнуў увагу на блізкую сувязь паміж клопатам пра ахову здароўя і адказнасцю за стварэнне. Ён нагадаў, што многія хваробы выклікаюцца менавіта кепскім станам навакольнага асяроддзя.








All the contents on this site are copyrighted ©.