2015-11-19 13:24:00

Святы Пасад аб кананізацыі Маці Тэрэзы з Калькуты


Справа кананізацыі благаслаўлёнай Маці Тэрэзы з Калькуты яшчэ не завершана, і тым больш пакуль не ўстаноўлена дата абвяшчэння яе святой. Аб гэтым паведаміў 18 лістапада 2015 г. у інтэрв’ю лацінаамерыканскаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву “ACI Prensa” намеснік кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы айцец Чыра Бэнэдэціні. Такім чынам, ён абверг навіну, распаўсюджаную некалькімі гадзінамі раней італьянскай каталіцкай газетай “Avvenire”, нібыта кананізацыя запланавана на 4 або 5 верасня 2016 г.

На сённяшні дзень “абмяркоўваецца праект” будучай кананізацыі, сказаў прадстаўнік Святога Пасаду, дадаўшы, што патрэбна закрыццё справы і яе зацвярджэнне папам Францішкам. Ён дадаў, што не можа пацвердзіць навіны італьянскіх СМІ, нібыта ў снежні ў Ватыкане павінны сабрацца кардыналы для абмеркавання гэтага пытання.

Маці Тэрэза з Калькуты нарадзілася ў 1910 г. у албанскай сям’і ў Скоп’е, але большую частку свайго жыцця правяла ў Індыі. У 1946 г. яна заснавала Кангрэгацыю Місіянерак Міласэрнасці для клопату пра найбяднейшых і пакінутых. У 1979 г. атрымала Нобелеўскую прэмію міру. Памерла ў Калькуце 5 верасня 1997 г. Ян Павел II 19 кастрычніка 2003 г. у Рыме абвясціў Маці Тэрэзу благаслаўлёнай.








All the contents on this site are copyrighted ©.