2015-11-19 13:07:00

Кардынал Паралін пра тоеснасць і місію святароў


Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін прыняў удзел у канферэнцыі на тэму паклікання, тоеснасці і місіі святароў, якая прайшла ў Рыме 19 лістапада 2015 г. па ініцыятыве Кангрэгацыі па справах Духавенства. Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца заўважыў, што ў свеце існуе пэўная непрыязнь да хрысціянскага паслання і хрысціянскай практыкі, у першую чаргу, з боку людзей заходняга свету, якія перад абліччам безумоўнага прагрэсу ў сацыяльнай, навуковай і тэхналагічнай сферах рызыкуюць закрыцца ў секулярызме і – як нагадваў Бэнэдыкт XVI – крочаць насустрач “духоўнай атрафіі і сардэчнай пустаце”.

Гэтыя выклікі блізка тычыцца святароў і заклікаюць прыкласці ўсе чалавечыя і душпастырскія намаганні на працу ў сферы пакліканняў і абнаўлення святарскай ідэнтычнасці. Кардынал Паралін звярнуў увагу на навучанне папы Францішка, які нястомна заклікае святароў адкрыць “спагадлівую блізкасць Езуса Добрага Пастыра і Яго гатоўнасць служыць, аж да поўнага дару з сябе”. 

Прэзбітэр не павінен быць “функцыянерам культу, бюракратам, ахопленым нарцысізмам і закрытым у фармалізме”, або “кіраўніком”, які пануе над статкам і захапляецца “духоўнай марнасцю”. Народ Божы патрабуе людзей, намашчаных Святым Духам не дзеля саміх сябе, а дзеля абвяшчэння Евангелля, асабліва сярод бедных і пакутуючых, наследуючых стыль Хрыста, Які паставіў сябе на службу чалавецтву, мыў ногі вучням і бескарысліва аддаў сваё жыццё за ўсіх, падкрэсліў іерарх.

Кардынал Паралін перакананы, што святар можа быць удзельнікам місіі Хрыста па меры таго, наколькі крочыць па слядах Настаўніка. Зерні душпастырскіх намаганняў святароў могуць прынесці плёны, калі іх шлях працягваецца ў часе і ўмацоўваецца блізкімі адносінамі з Панам, калі яны працуюць над сваімі чалавечымі і духоўнымі цнотамі, застаюцца адкрытымі на дар Духа і любоў да Божага Народу, заўважыў Дзяржсакратар. 








All the contents on this site are copyrighted ©.