2015-11-18 12:46:00

Пантыфік адчыніць Святыя дзверы трох рымскіх базылік


Францішак асабіста адчыніць Святыя дзверы ў трох Вялікіх базыліках Рыма. Аб гэтым стала вядома 18 лістапада 2015 г. пасля апублікавання афіцыйнай праграмы літургічных цэлебрацый з удзелам Папы на бліжэйшыя два месяцы. У базыліцы св. Пятра адкыццё Святых дзвярэй адбудзецца ў дзень распачацця Юбілейнага Года Міласэрнасці, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня. У базыліцы св. Яна на Латэране набажэнства пройдзе праз некалькі дзён, 13 снежня, у Трэцюю Нядзелю Адвэнта. Ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі, 1 студзеня 2016 г., Пантыфік адчыніць Святыя дзверы ў базыліцы Санта Марыя Маджорэ. У чацвёртай рымскай Вялікай базыліцы – св. Паўла за Мурамі – набажэнства 13 снежня ўзначаліць яе архіпрэзбітэр, кардынал Джэймс Харві.

8 снежня Святы Айцец адправіцца на рымскую Іспанскую плошчу, каб ушанаваць Маці Божую Беззаганна Зачатую ў слыннай статуі, якая змешчана там, а 12 снежня ўзначаліць у ватыканскай  базыліцы Эўхарыстыю ў свята Маці Божай з Гвадэлупы.

Традыцыйна Пантыфік узначаліць св. Імшу ў ноч Божага Нараджэння. Яна распачнецца 24 снежня вечарам у ватыканскай базыліца. Раніцай наступнага дня Францішак звернецца са святочным пасланнем і благаслаўленнем “Urbi et Orbi” з цэнтральнай лоджыі галоўнага каталіцкага храма. 27 снежня, у нядзелю Святой Сям’і, ён узначаліць у базыліцы св. Пятра св. Імшу ў інтэнцыі сем’яў, а 31 снежня вечарам – урачыстыя Нешпары, якімі падзякуе Богу за адыходзячы год. Таксама і ў першы дзень 2016 года, ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі, Францішак узначаліць у ватыканскай базыліцы Эўхарыстыю. 

6 студзеня – ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана ў базыліцы св. Пятра Францішак адправіць св. Імшу, а 10 студзеня ў Сікстынскай капэле – удзеліць сакрамэнт хросту некалькім дзецям.








All the contents on this site are copyrighted ©.