2015-11-17 12:06:00

Святы Айцец: не адрачыся пад уплывам пануючай ментальнасці


Да ўстрымання ад свецкасці, якая вядзе да падвойнага жыцця заклікаў Папа 17 лістапада 2015 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Спасылаючыся на чытанне з Другой кнігі Макабэяў сённяшняй Літургіі Слова (2 Мак 6, 18-31), Францішак заахвоціў вернікаў наследаваць старога Элеязара, адмаўляцца ад кампрамісаў з мірскім і паслядоўна сведчыць сваю веру.

Францішак адзначыў, што амаль дзевяностагадовы Элеязар не меў мірскога духа і не згадзіўся на спажыванне свініны. Ён нават не захацеў рабіць выгляд гэтага, як прапанавалі яму яго сябры, што жадалі захаваць сваё жыццё. Ён быў згодны памерці, але не адрачыся пад уплывам пануючай ментальнасці. Захаваў годнасць, падставай якой было паслядоўнае жыццё. Пагадзіўся на мучаніцкую смерць і даў сведчанне сваёй веры.

Папа падкрэсліў, што свецкасць – адступніцтва на карысць каштоўнасцяў гэтага свету – прымушае нас жыць супярэчліва: інакш кажам, інакш жывём. Спачатку яе цяжка заўважыць, таму, што яна як чарвяк, які павольна разбурае тканіну і матэрыял становіцца бескарысным, а чалавек, што дазваляе, каб яго ахапіла такая свецкасць, губляе хрысціянскую ідэнтычнасць. Ён не ў стане больш паслядоўна жыць сваёй верай. Заяўляе, што ён веруючы католік, а на працы патрабуе хабару. Менавіта таму Езус так горача маліўся Айцу, каб выратаваў Яго вучняў ад духа гэтага света. Прыкладам цвёрдай паставы з’яўляецца Элеязар, што думае пра маладых людзей, якія, калі б адступіўся, пацярпелі б з яго віны.

“Хрысціянскі дух, хрысціянская ідэнтычнасць ніколі не эгаістычная, заўсёды спрабуе ацаляць праз уласную паслядоўнасць, лячыць, пазбягаць скандалу, вылечваць іншых, даваць добры прыклад”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец адзначыў, што гэта задача для нас не з лёгкіх, калі не немагчымая, таму ў псальме гучаць словы: “Мяне падтрымлівае Пан і Бог мой”. Толькі Ён можа дапамагчы нам. Таму Папа заклікаў да наступнай малітвы: “Пане, я грэшнік, сапраўды мы ўсе імі з’яўляемся, але я прашу ў Цябе падтрымкі. Дай мне сваю дапамогу, каб з аднаго боку не прыкідваўся, што я хрысціянін, а з другога, жыў, як язычнік, чалавек гэтага свету”.

“У свабодную хвіліну вазьміце Біблію, Другую кнігу Макабэяў, шосты раздзел, і прачытайце гісторыю Элеязара. Гэта будзе карысна для вас, надасць вам мужнасці, каб вы былі прыкладам для ўсіх. Дасць вам сілы і падтрымку, каб развіваць хрысціянскую ідэнтычнасць, без кампрамісаў, без двайнога жыцця”, - сказаў у завяршэнні сваёй гаміліі Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.