2015-11-15 14:05:00

Папа: Езус хоча вырваць нас з цікаўнасці дат і прагнозаў


Канчатковай мэце чалавека – сустрэчы з Уваскрослым Панам, прысвяціў свае разважанні 15 лістапада 2015 г. перад малітвай “Анёл Панскі” папа Францішак. “Евангелле гэтай перадапошняй нядзелі літургічнага года прапануе частку прамовы Езуса пра апошнія падзеі чалавечай гісторыі, арыентаванай на поўнае выкананне у Божым Валадарстве, - звярнуў увагу Папа. - Гэта словы Езуса, сказаныя ў Ерузалеме, перад яго апошняй Пасхай. Прамова змяшчае некаторыя апакаліптычныя элементы, як вайна, голад, касмічныя катастрофы: “зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца”. Нягледзячы на гэта, ўсе пералічаныя элементы не з’яўляюцца сутнасцю паслання. Істота, вакол якой сканцэнтраваны словы Езуса, гэта Ён сам, таямніца Яго асобы, Яго смерці і ўваскрасенне, і Яго вяртання ў канцы часоў.

Наша канчатковая мэта заключаецца ў спатканні з Уваскрослым Панам. Я хацеў бы задаць вам пытанне: колькі з вас думаюць, што настане дзень, калі я сустрэну Пана тварам да твару? Падумайце пра гэта. Гэта сустрэча з’яўляецца нашай мэтай.

Мы не чакаем на нейкі час ці месца, але збіраемся сустрэць асобу – Езуса. Такім чынам, праблема не ў тым, “калі” споўняцца гэтыя знакі, прадракаючыя канец часоў, але ў тым, каб мы былі гатовыя да іх. Нават справа не ў тым, “як” стануцца гэтыя рэчы, але “як” мы павінны весці сябе сёння, чакаючы на іх. Мы пакліканы жыць сённяшнім днём, ствараючы нашу будучыню радасна і давяраючы Богу. Прыпавесць пра смакоўніцу, на якой распускаецца лісце, што з’яўляецца прыкметай хуткага лета, кажа нам, што перспектыва канца не адлучае нас ад сапраўднага жыцця, але дазваляе нам глядзець на нашы дні ў перспектыве надзеі – гэтай цноты, якой так цяжка жыць. Надзея, найменшая, цнота, але і самая моцная. І наша надзея мае твар – твар уваскрослага Пана, Які прыходзіць “з вялікай сілай і ў славе”, паказвае ўкрыжаваную любоў, перамененую ва ўваскрасенне. 

Трыумф  Езуса ў канцы часоў будзе трыумфам крыжа, праявай таго, што прысвячэнне сябе ў ахвяру дзеля любові да бліжняга, наследуючы Хрыста, з’яўляецца адзінай пераможнай сілай і адзіным аплотам перад падзеямі і трагедыямі свету.

Пан Езус з’яўляецца не толькі кульмінацыяй зямной пілігрымкі, але ўвесь час прысутнічае ў нашым жыцці. Ён заўсёды побач з намі, заўсёды з намі. Таму, калі Ён кажа пра будучыню і вядзе нас да яе, заўсёды вяртае нас да сучаснасці. Ён супрацьстаіць ілжэпрарокам, летуценнікам, якія прадказваюць блізкі канец свету, выступае супраць фаталізму. Ён побач з намі, крочыць разам з намі, любіць нас. Ён жадае вырваць сваіх вучняў кожнай эпохі з цікаўнасці дат, прагнозаў, гараскопаў і факусуе нашу ўвагу на сённяшнім дні гісторыі. Я хацеў бы спытаць вас, кожнага з вас, але не адказвайце ў голас, няхай кожны з вас адкажа ў сваім сэрцы: як многія з вас чытаюць гараскопы на дадзены дзень? Няхай кожны адкажа ў вашым сэрцы. І калі ты адчуваеш жаданне прачытаць гараскоп, паглядзі на Езуса, які з табой. Гэта лепшае, ты адчуеш сябе лепш.

Гэта прысутнасць Езуса нагадвае нам пра чаканне і пільнасць, якія выключаюць як нецярпенне, так і дрымотнасць, як уцёкі ў будучыню, так і нявольніцкае знаходжанне ў цяперашнім часе і часовасці.

Таксама і сёння дастаткова стыхійных і маральных бедстваў, нягодаў і перашкодаў рознага роду. Усё праходзіць, - нагадвае нам Пан - толькі Ён, Яго слова застаецца, як святло, што вядзе і абнаўляе нашы крокі. Ён заўсёды нам даруе, таму што знаходзіцца на нашым баку. Трэба толькі ўглядацца ў Яго, і Ён будзе пераўтвараць наша сэрца. Няхай Дзева Марыя дапаможа нам даверыцца Езусу, трывалай аснове нашага жыцця, і вытрываць з радасцю ў Яго любові”, - сказаў Папа падчас сваіх разважанняў.

Пасля марыйнай малітвы Пантыфік папрасіў вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, аб малітве за сябе.








All the contents on this site are copyrighted ©.