2015-11-14 14:14:00

Пантыфік падзякаваў езуіцкім дабрачынцам


Святы Айцец спаткаўся 14 лістапада 2015 г. у Ватыкане з членамі “Jesuit Refugee Service” – езуіцкай службай дапамогі бежанцам. Гэта міжнародная каталіцкая арганізацыя дапамагае мігрантам, уцекачам і собам, якія шукаюць прытулку. Францішак павіншаваў арганізацыю з 35-й гадавінай стварэння і спаслаўся на прыклад яе заснавальніка, кс. Пэдра Арупэ, у той час генеральнага настаяцеля Таварыства Езуса, які быў сведкай выніку выбуху атамнай бомбы ў Хірасіме і зразумеў маштабы “трагічнага зыходу бежанцаў”. “Ён бачыў гэта як выклік, які езуіты не маглі ігнараваць”, - сказаў Папа.

Францішак звярнуў увагу, што “з’ява вымушанай міграцыі драматычна пашырылася ў нашы дні”. Натоўпы бежанцаў пакідаюць розныя краіны Блізкага Усходу, Афрыкі і Азіі, каб шукаць прытулку ў Еўропе. ААН паведамляе, што ва ўсім свеце амаль 60 млн. бежанцаў, найбольшая колькасць з часоў Другой сусветнай вайны. І гэта не проста статыстычныя дадзеныя, а “людзі, з іх імем, тварам, гісторыяй, неад’емнай годнасцю дзяцей Божых”.

Папа высока ацаніў адукацыйныя ініцыятывы Службы. Яны даюць уцекачам надзею і веру ў будучыню, магчымасць будавання планаў. “Даць дзіцяці месца ў школе – гэта лепшы падарунак, які можна ўявіць”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што для дзяцей, вымушаных эміграваць, школы з’яўляюцца месцамі свабоды. Тут яны могуць “адкрыць для сябе сваё сапраўднае пакліканне і развіваць свой патэнцыял”. Канчатковая мэта: дапамагчы бежанцам расці ва ўпэўненасці ў сабе, зразумець свае магчымасці і быць у стане абараніць свае правы, лічыць ён.

Францішак падзякаваў асацыяцыі за новы праект, прымеркаваны да Года Міласэрнасці – “Глабальная адукацыя”. Яго мэта: дасць доступ да адукацыі яшчэ ста тысячам маладых бежанцаў. “Дзякуючы вашай энергіі і падтрымцы міласэрнасць Пана ў будучыні дасягне вялікай колькасці дзяцей і іх сем’яў”, - адзначыў Папа, звяртаючыся да членаў езуіцкай дабрачыннай ініцыятывы.








All the contents on this site are copyrighted ©.