2015-11-14 15:12:00

Адменены візіт Прэзідэнта Ірана ў Ватыкан


Пасля тэрактаў у Парыжы было адменена запланаванае на 14 лістапада 2015 г. спатканне іранскага Прэзідэнта з папам Францішкам. Хасан Рухані ад Ватыкана павінен быў пачаць свой візіт у Еўропу, уключаючы Італію і Францыю. Прэзідэнт Ірана асудзіў тэракты, назваўшы іх “бесчалавечным злачынствам”.

Яго сустрэча з Пантыфікам павінна была стаць першай на гэтым узроўні з 1999 г., калі св. Ян Павел II прымаў Прэзідэнта Махамада Хатамі.

“Па прычыне тэрарыстычных актаў у Парыжы і ў каардынацыі з прымаючым бокам Прэзідэнт Ірана перанёс свае візіты ў Італію, Ватыкан і Францыю на больш зручны час”, - заявіў па дзяржаўным тэлебачанні міністр замежных спраў краіны Махамад Джавад Зарыф.

У лютым 2015 г. Францішак сустрэўся ў Ватыкане з Віцэ-прэзідэнтам Ірана па справах жанчын і сям’і Шахіндохт Малаверзі, якая ўзначальвала дэлегацыю жанчын гэтай краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.